Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
18
дек 2013

У Брэсце сям’ю неплацельшчыкаў “камуналкі” выселілі паўторна

 

Сымон БАЙ для TOMIN.BY

У Брэсце сям’ю неплацельшчыкаў “камуналкі” выселілі паўторна. І могуць выселіць за горад.

Трохпакаёўка, двухпакаёўка, аднапакаёўка з пячным ацяпленнем у старым доме без выгодаў – такі жыллёвы шлях трох мужчынаў.

За 38 месяцаў бацька і двое дарослых сыноў запазычыліся камунальнікам за двухпакаёўку з усімі выгодамі больш за 5 мільёнаў рублёў. Набегла яшчэ пеня (0,3 адсотка за кожны дзень нясплаты), так што агульная сума запазычанасці дзяржаве склала  больш за 21 мільён рублёў.  Сюды яны былі пераселеныя таксама за нясплату камунальных плацяжоў.

“Бацька тлумачыў, што не плаціць, “потому что не получается”, – распавялі ў разліковым Цэнтры КУП ЖРЭУ. – “Адзін з сыноў жыве ў прымах і пытаўся на судзе сам, чаму не плацяць тыя, хто жыве. Малодшага прывезлі на суд пад канвоем са следчага ізалятара  – парушыў прэвентыўны нагляд”.

Юрыст разліковага Цэнтра  Аляксандр Капусцін сказаў:

– Пры нясплаце за цяперашняе жыллё  цалкам можа адбыца высяленне за межы Брэста. Домік недзе ў вёсцы… Жыллёвы Кодэкс нам такі іск падаць дазваляе.

Рашэнне суда яшчэ можа быць абскарджана.

Дарэчы, рэкардсмены нясплаты далёка перасягаюць суму запазычанасці пераселенай тройцы. Але яны, як правіла, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, а кватэры замацаваныя за дзецьмі, якія знаходзяцца цяпер у інтэрнатах. З такім абцяжараннем кватэру перадаваць у іншыя рукі нельга.

Гэта сёлета адзіны выпадак судовага высялення, сказаў Аляксандр Капусцін. Летась таксама выселілі адну сям’ю. Яшчэ адна сям’я пазбегне высялення сёлета, калі да 23 снежня да канца пагасіць запазычанасць, часткова зліквідаваную наўпрост у зале суда  16 снежня.

Як бачым,  судовае высяленне не самая распаўсюджаная мера супраць тых, хто не плаціць за кватэру. Вельмі папулярным стала вывешванне спісаў неплацельшчыкаў у людных месцах.  За 11 месяцаў бягучага года  такіх аб’яваў было вывешана 18 206. Гэта амаль удвая больш за параўнальны перыяд 2012 года. 

А вось славутыя рознакаляровыя  “карткі папярэджання” , відаць, не маюць будучыні. Сёлета іх разаслалі крыху больш за 2 тысячы. Гэта ўдвая менш за адпаведны леташні перыяд. “Які толк пасылаць “чырвоную” картку” чалавеку, які больш не чырванее, бо страціў сорам?” – патлумачылі ў разліковым Цэнтры.

 

За нясплату судова выселілі няпоўную сям’ю (фото)