Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
21
март 2014

Брэсцкі паэт прэзентаваў кнігу хайку

Прадстаўленне кніжкі Сяргея Амяльчука  “Зямля, якую бяру з сабою”

 

Сымон БАЙ для ТOMIN.BY

Кожнае з 70 трохрадкоўяў праілюстраванае адмысловай рэпрадукцыяй графікі або нават жывапісу.

Кніжка Сяргея Амяльчука  называецца “Зямля, якую бяру з сабою”. Скажу адразу, што ў самым канцы кнігі апынаецца, што гэтая зямля, якую бяруць з сабою, гэта…. Ніколі не здагадаецеся. Таму трэба і варта пачытаць, асабліва жанчынам)))).

 

Прадстаўленне кніжкі Сяргея Амяльчука  “Зямля, якую бяру з сабою”

 

Хайку  Амяльчука кранаюць шмат тэм, ад натурфіласофіі да кахання і нават патрыятызму. Як вось гэты:

О суседзкі двор!

Там зусім па-іншаму

Заходзіць сонца.

Форма хайку, пазычаная ў японскага паэта Басё, не замінула беразаўчаніну з нараджэння Амяльчуку напоўніць яе зусім беларускім зместам. Найперш гэта мова.

Ува мне праца,

А ў табе асалода.

Не разьмінуцца!

Не памылюся, калі скажу, што аўтар выкшталтаваўся ў вельмі антысавецкага, бо вольнага чалавека. Мяркуйце самі:

На зямлі столькі

Дарог. Нашто ж адною

Карыстацца мне.

Або гэты:

Іншым не месца –

Тут сам на адной назе.

Гэта – вяршыня.

Як бачыце, сціпласці адмоўлена ў праве быць цалкам. Але ж гэта і рызыкоўнае выказванне. Бо нельга схалтурыць ні разу. Адразу ўвагоніць побач свой ступак на вяршыні Парнасу крытык.

З такой меркай аўтар падыйшоў да працы над кніжкай. На прэзентацыі  многія сказалі: ня схібіў.

У вялікай меры, праз высілкі рэдактара Алеся Каска. А добрая паліграфія атрымалася ў мінскім выдавецтве “Логвінаў”.

Прадстаўленне кнігі адбылося ў гарадзкой бібліятэцы імя Пушкіна. Былі паэты, пісьменнікі, сябры і некалькі аматараў паэзіі.

 

Прадстаўленне кніжкі Сяргея Амяльчука  “Зямля, якую бяру з сабою”

 

Гэта, на жаль, пакуль слабое месца нашага культуровага сеціва. Па-за літаратурным працэсам, на стадыі яго асэнсавання, апынаюцца нават літаратуразнаўцы, філолагі і тыя, хто хоча такімі стаць.

Дзе сотні настаўнікаў, не кажучы ўжо пра іхніх гадаванцаў? Не кажу пра адміністратыўны рэсурс, усё шмат прасцей, па Сухамлінскаму. Зацікавіць, сказаць, каб напісалі рэферат, крытычна хай разбілі б той твор… Прыкладам,  бо напісаны чужым памерам і на “тарашкевіцы”…

А кніжка Амяльчука – яна ёсць у кнігарнях, а ў бібліятэках дык гарантавана.

Дарэчы, гэта трэці зборнік паэта. І яшчэ цікавая дэталь. Сяргей Амяльчук адзін з нешматлікіх паэтаў-нефілолагаў. Працуе інжынерам на “Гефесце”.