Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
31
июль 2014

У Брэсце зноў рамантуюць вуліцу Маскоўскую. Пасля рамонту

У Брэсце зноў рамантуюць вуліцу Маскоўскую. Пасля рамонту. Фота Яўгена БЯЛАСІНА

 

Яўген БЯЛАСІН для TOMIN.BY

Урок , ЯК НЕ ТРЭБА РАБІЦЬ, даюць проста зараз, гэтымі днямі на азначанай вуліцы за гіпермаркетам “Карона”, калі ехаць у бок цэнтра. Там да скрыжавання з Піянерскай паклалі суцэльны асфальт. Кладуць яго, пакідаючы прыпынкі грамадскага транспарту, і за скрыжаваннем – да Кобрынскага моста.

Дык вось, месяц які новае палатно праляжала – і вось ужо ўзнялася з яго вышэй за бардзюр купіна-хваля  перад пешаходным пераходам да Лядовага, паўстала-вытыркнулася другая, насупраць “Беларусбанка”.

 

У Брэсце зноў рамантуюць вуліцу Маскоўскую. Пасля рамонту. Фота Яўгена БЯЛАСІНА

 

Прачытаўшы ў інтэрнэце, што днямі ў маскоўскім аэрапорце Дамадзедава засеў у асфальце  і не змог выкаціцца на рулёжку, спазніўся на 5 гадзін з вылетам Boeing737, я разумею, што гэта з’явы аднаго парадку.  І гэта не новазаяўлены “русский мир” – гэта савецкі свет, які ад нас з яго нядбайнасцю і безадказнасцю і не сыходзіў.

Упэўніваюся ў гэтым, раскопваючы гісторыю новага асфальту, які адразу трэба рамантаваць.

 

У Брэсце зноў рамантуюць вуліцу Маскоўскую. Пасля рамонту. Фота Яўгена БЯЛАСІНА

 

Як бачым на фота, рамантуюць яго, зрэзаўшы купіны-хвалі фразой. Дарожнікі  каля ЦМТ падказалі, што рэмонт выконвае вядомая брэсцкая фірма. 

Брыгаду знаходжу перад Кобрынскім мостам. Якраз кладуць масіўную заплату перад тралейбусным прыпынкам. Не трэба і майстра – рабочыя самі ведаюць, што гоняць халтуру.

 - Падкладка пад асфальтам дрэнная, трэба мяняць так, як на вуліцы Купалы мянялі – выбіраць грунт на 60 см і рабіць новую падсыпку, – кажа Міхаіл.

Кажу, што нямецкая норма 90 сантыметраў.  Махаюць галовамі: ага, немцы народ якасці.

- Дык навошта вы робіце заведамую халтуру? – пытаю.

- А нам гарвыканкам грошы толькі на касметычны, паверхневы рэмонт даў. На капітальны ў іх няма, відаць, - адказвае Міхаіл.

 

У Брэсце зноў рамантуюць вуліцу Маскоўскую. Пасля рамонту. Фота Яўгена БЯЛАСІНА

 

Вось вам і адказ. За дарогі плацім ўжо ці не трайным падаткам (у акцызе за дарагое паліва закладзена, плюс увялі цяпер за права выезду на дарогу, плюс за тэхагляд ці не цераз край будзе, з кожнага аўтамабіля) – а тут нават галоўную трасу горада рамантуюць так, што на новы асфальт мусяць адразу ставіць латкі!

Заўважу: паколькі грунт пад зрэзанымі купінамі не вымаюць, то і гэтыя латкі хутка папучыць.

Як кажуць, прыехалі...