Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
08
дек 2013

Беларусь наведалі перакладчыкі з Нямеччыны (фота, аўдыё)

Томас Вайлер - фота

 

Яўген Бяласін для TOMIN.BY

Беларусь наведалі перакладчыкі з Нямеччыны. 

Нямецкія і беларускія калегі ўзаемнічалі ў Інстытуце імя Гётэ, якi быў арганiзатарам круглага стала  па праблемах перакладу ў Мінску. У iм прымалi ўдзел каля 50 спецыялiстаў у галiне перекладу.

 

Удзельнікі дыскусіі.
Удзельнікі дыскусіі - фота
 

 

Сярод іх Томас Вайлер,  які 14 гадоў таму назад адбываў альтэрнатыўную службу ў Навінках, псіхіятрычнай лякарні пад Мінскам.  Пасля свайго валантарыяту ў Беларусі Томас атрымаў вышэйшую філалагічную адукацыю на радзіме. Ён добра валодае беларускай мовай і перакладае з арыгінала. 

Спадар Вайлер пагадзіўся на кароткае інтэрвью.

 

Томас Вайлер на панэльнай дыскусіі. 
Томас Вайлер - фота

 

 

Яўген Бяласін: Дык Вы  свой час, замест каб ісці ў Бундэсвер, “да прусакоў”,  як у вас кажуць, адбылі цывільную службу…

Томас Вайлер: Так,  у 1998 – 1999 гадах.  Альтэрнатыўную службу вырашыў прайсці тут у 1996 – 1997 годзе летам, калі  быў у Беларусі цягам пары тыдняў. Тады яшчэ ведаў толькі англійскую, францускую і лаціну… Напачатку мне было ўсё роўна, што Беларусь, што Расія. Але потым адчуў, што мне цікавей будзе тут. Скончыў “абітуру” і прыехаў сюды. Была такая магчымасць.

Я.Б.: А што за магчымасць?

Т.В.:  Я падаў заяву на  конкурс  цывільнай службы ў невялікай грамадскай арганізацыі, якая займаецца даглядам за людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Мне аддалі перавагу і прапанавалі месца ў Беларусі, на выбар, або дагляд за хворымі дзецьмі, або ў інтэрнаце для дарослых людзей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця пры псіхіятрычнай клініцы.

Мы крыху пагаварылі пра  сістэму аховы псіхічнага здароўя ў Нямеччыне і Беларусі, пра вучобу Томаса ў Нямеччыне (ён вучыў славянскую філалогію,  – польскую, рускую мовы і як прадмет па выбару беларускую мову і літаратуру). Потым перайшлі на літаратурныя пытанні, у прыватнасці на тое, ці ёсць у немцаў магчымасць чытаць творы беларускай літаратуры.

Дзеля гэтага перайшлі на беларускую мову. Ацаніце, як валодае ёю Томас Вайлер.

 

 

Т.В.: У Нямеччыне не ведаюць беларускую літаратуру. Таму цяжка дабіцца, каб выдавецтва штосьці ўзяло дзеля выдання кнігай. Былі калісьці пераклады Быкава. Цяпер перакладаюць Святлану Алексіевіч, але яна не ўспрымаецца як беларуская пісьменніца….

Я.Б.: А Ваш асабіста ўнёсак ці ёсць? У шуфляду пішаце? І што там?

Т.В.: У шуфлядзе маю лірыку. Вершы Разанава. Вершы Максіма Танка. Верлібры, якія ён напісаў у апошнія гады свайго жыцця. Пераклаў вершы Веры Бурлак і Віктара Жыбуля.

Я.Б.: А ў кароткай ці доўгай шуфлядзе?

Т.В.: У доўгай, мабыць… Але ёсць часопісы, якія друкуюць вершы. Часопісныя варыянты пералічаных вершаў выйшлі ў “Akzente”, у часопісе   “Оstragehege”, які выходзіць у Дрэздэне і Лейпцыгу,  “Radar”, гэта такі польска-нямецка-украінскі часопіс,   аўстрыйскі - “LiteraturundKritik”…

Я.Б.: Дык вы з Германіі  звяртаецеся ў Аўстрыю, каб паспрыялі? Бо яны больш прыхільныя да славянскага?

Т.В.: Так.

Я.Б.: Сапраўды, у Аўстра-Венгерскай імперыі быў вялікі дамешак славянства. Аўстрыйскі варыянт нямецкай мовы, калі можна так сказаць, утрымлівае значную колькасць славянскіх запазычанняў. Прыкладам, “смятана”.  У немцаў гэта “Sahne” або “Rahm”, а аўстрыякі замацавалі “смятану” як брэнд на рынку Еўразвяза,  сярод 28 іншых падобных словаў.

Т.В.…“Кукуруза” …

Я.Б. Так. Але гэта мы крыху пабалбаталі вакол тэмы. А за тое, што даносіце беларускіх аўтараў да нямецкага чытача, вялікі дзякуй. Поспеху.

Т.В.: Дзякую.

 

Брэст – Мінск – Брэст, 8.12.2013.