Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
11
июль 2014

Страсці па футболе: брэсцкія рэаліі папулярнай гульні

 

Яўген БЯЛАСІН, БК

Фаны “Дынама-Брэст” скардзяцца на міліцыю і АМАП

У першы раз я перасёкся з заўзятарамі, якія ездзяць за футбольным “Дынама-Брэст” па краіне, па дарозе ў сталіцу.

Паколькі было рана, хацеў паспаць і прылёг быў на другую паліцу вагона, але дзяўчацкі голас у купэ цераз сценку быў занадта зычны. Пералёг на паліцу насупраць і “прыдушыў” крыху.

Потым злез паснедаць і бачу двух абмундзіраваных: адзін з надпісам “Охрана” на спіне, другі - “Міліцыя ”. Стаяць у суседнім купэ і нешта патрабуюць. “Ну, дабзычалася - нешта кавалеры ўчаўплі”, – мільгнула думка.

 

Перапісваюць фанатаў брэсцкага "Дынама".

 

Паеўшы, падсеў і распытаўся. Аказалась, што гэта фанаты “Дынама-Брэст” усемярох едуць на матч у Бабруйск. Паскардзіліся, што міліцыя дыху не дае: “Ездзяць з намі, як з дзецьмі. Прымусілі падпіску даць, што на стадыёне гэта не будзем, тое не будзем”. Аднаго разу мне ўжо давялося ехаць у адным купэ з фанам, здаравенным дзецюком, які ўсур’ёз пераконваў пра свастыку, сонцаварот, адзінства славянаў і ніцасць нябелых расаў. Казаў, што “тыримся стенка на стенку”.

Новыя знаёмцы былі яўна больш інтэлектуальныя, але публікавацца жадання не выказалі. На ўсялякі выпадак пакінуў свой кантакт. Тыдні праз два патэлефанаваў Аляксей і на сустрэчу прыйшоў з Вольгай (гэта тая, што не давала спаць). Паколькі Вольга дзяўчына паглядная, яе суправаджаў ейны кавалер.

Вользе я і ў цягніку не збыт раіў апрылюднівацца. Быў сумніў, ці мама дазваляе ёй “заўзець”. Але відаць, што дзяўчына з характарам, хоць і, як высветлілася пры другой сустрэчы,на момант размовы хадзіла ў школу.

Я на роўных “балею”, – адразу падкрэсліла яна. – І езджу разам з усімі, і крычалкі крычу. Бо гэта - наш клуб”. - “А сама гуляеш?”  - цікаўлюся. “А як жа”. “А калі бойка фанатаў?” - “Бывае, б’емся на дамову, тры або пяць дзяўчын з іхняга боку, столькі сама з нашага”.

Мне як бацьку такой сама прыкладна ўзростам дачкі стала дыскамфортна, але не выказваюся. Горш абыякавасць, лічу, і подласць, і яшчэ шмат што. Слухаю далей.

Аляксей - студэнт. Цела трэніраванае, рухі кароткія, сярэдні рост. Адгадаў: займаецца адзінаборствамі. “За чые грошы ездзіш за камандай? – пытаюся. – Ты ж у бацькоў на ўтрыманні”. “Ды не, – адказвае хлопец. - Працую “мужам на гадзіну” ў вольны час. Разам са стыпендыяй хапае мне і на вучобу, і на паездкі, і яшчэ застаецца”.

 

Што баліць брэсцкім фанам?

Вольга і Аляксей выкладваюць (з большага, гаворыць Аляксей):

- Мы за тое, каб нас ахоўвалі. Усялякае бывае... Але навошта гэты паліцэйскі нагляд на гасцявых матчах? Едзем, прыкладам, я, дзяўчына і сябар. Падыходзіць міліцыянт, нас перапісваюць. І бывала такое, што нешта ў цягніку здарылася - дык на нашых хуценька і вешалі. Або едзем мы ў Жодзіна. Перасадка ў Мінску. Хочацца нам пахадзіць гэтыя пару гадзін па горадзе, паглядзець. Дык не. Трымаюць нас на вакзале, у Жодзіна ад вакзала да стадыёна і назад пад канвоем, і далей да Брэста безвылазна. Або фаеры. У Бабруйску, Жодзіна ды Гродна іх паліць можна, а ў нас не. Жывем жа ў адной краіне. Чаму розны падыход?

“Мы прыходзім на стадыён “пашызіць”, пакрычаць за сваю каманду, а тут такія абмежаванні, - укліньваецца дзяўчына. - Гэта нельга, тое нельга... Дагляды такія, што на футбол той і хадзіць не хочацца... Таму ў нас і стадыёны амаль пустыя, а ў Нямеччыне вунь паўнюткія...”

 

 

У нашай “размінцы” Вольга падзялілася на нямецкай мове, што хоча вучыцца ў Германіі. Не пашыраўся з ёю на тэму нямецкіх фанаў, якія бываюць і надта брутальнымі, схільнымі да фашызму, і зрабіліся былі для паліцыі гадоў з 20 назад сапраўдным галаўным болем. Але факт поўных стадыёнаў застаецца фактам. Значыць, удаецца і грошы акумуляваць, і даць відовішча людзям... Тэлекарцінка не дасць схлусіць - жанчын шмат і на поўных стадыёнах сувымерных з Беларуссю Галандыі, Бельгіі і Даніі. Няйначай, не пайшлі б, як на вайну, цямім.

А Вольга распавядае далей пра дагляды (“міліцыянтка нас куды больш дэталёва абглядае за хлопцаў, распранацца прымушаюць”) і зазначае: “Мы самыя надзейныя ў клуба. Выйграе клуб або прайграе -- мы заўсёды з ім. У Бабруйску прайгралі 7:0, і калі забілі трэці гол, я заплакала нават. Але працягвалі падтрымліваць”. Размова пераходзіць на сэнс фанацтва.

 

Анатомія беларускіх фанатаў

“У нас з футбалістамі добрыя стасункі, - распавядае Аляксей. - Мы не крычым крыўднага. Пры найгоршым раскладзе проста глядзім моўчкі. А наогул мы перажываем за добрую, прыгожую гульню”. Вольга кажа, што ўжо бярэ на стадыён малодшага брата (“калі што, я яго абараню”), і лічыць, што сэнс наведвання матчаў – “пагарлаць”, выпусціць пару, знайсці нейкага адрэналіну.

Аляксеева фанацтва пачалося ад выйгрышу брэсцкім “Дынама” Кубка краіны пры трэнеры Геваркяне (“быў малы зусім, таму помню толькі, як рукі ўздымаліся над галовамі, апладысменты, узрушэнне”). Далей Аляксей раскрывае анатомію беларускага заўзятарства.

Беларускія фанаты дзеляцца на правых і левых. Правыя больш “строгія”, левыя -- збольшага “лібералы” з рысамі анархіі. Правых больш. Яны нават “сябруюць” супраць адзін аднаго, хоць калі прыпячэ, то зноў злучаюцца. Правыя дзеляцца на Цэнтр - гэта “Дынама” (Мінск), “Дынама-Брэст”, БАТЭ, “Тарпеда” (Жодзіна), Поўнач - гэта “Нёман”, “Масты”,“Нафтан” (Наваполацк) і Поўдзень – “Гомель”, “Днепр” (Магілёў), “Орша”. Левыя -- гэта “Івацэвічы”, “Бяроза”, “МТЗ РІПА”. Левыя не прызнаюць fair play, могуць пайсці на падставу або зусім не з’явіцца на двубой, таму мы іх мала паважаем. З замежжа традыцыйна прыязныя стасункі ў нас склаліся з польскімі заўзятарамі. Можа, таму, што жывем блізка ад “кардону”. Сябруем на сёння асабова і з заўзятарамі мінскага "Дынама", і з палякамі. Нават начуем адзін у аднаго.

 

 

 

Фанат - гэта бандзюк?

Фанатаў у брэсцкага клуба на сёння каля 400, кажа хлапец. З іх на выязныя матчы выбіраюцца ад 20 да дзвюх соцень. На пытанне, навошта яму гэта, Аляксей адказвае так: “Па-першае, футбол - гэта народная гульня, даступная ўсім і відовішчная. Па-другое,  ездзячы следам за клубам, можна пабачыць свет. Па-трэцяе, ёсць у нас такая завядзёнка - памерацца сіламі. Таму трэба трымаць сябе ў форме. Алкаголь, цыгарэты – гэта адыйшло. Маем свае правілы: біцца не на людзях, аднолькавая колькасць, прыкладна аднолькавыя ўзрост і камплекцыя,  ляжачага, які даў знак, не “дабіваць”, у канцы дапамагчы саперніку падняцца”.

“Дык у вас, фактычна, “Байцоўскі клуб”?” , - удакладняю. “Не, розніца ў тым, што ўсё вакол нашага клуба круціцца”, – мяркуе Вольга. Аляксей пагаджаецца і дадае, што мэта ў гэтай нібыта хуліганкі - застацца мужчынам, а не пяліцца на тэлевізар (“каб мог хаця б дзяўчыну сваю абараніць, калі што”).

Аляксей у вялікай крыўдзе на журналістаў. Фанаты збіраюць грошы і рэчы для дзіцячага дома ў Дывіне, два разы на год перадаюць усё дзецям і вядуць іх на футбол. Дык пра гэта напісалі вось крышку, а калі пабіўся хто з нашых - на разварот. “Або калі нашыя сям’і пагарэльцаў грошы назбіралі - дык наогул маўчок”, - дадае Вольга і кажа пра тое, што ёй падабаецца ў фанах: “Мы неабыякавыя. Мы самі прымаем рашэнні. Мы не баімся. Мабыць, таму мы некаторым не падабаемся”.

 

 

 

Пазіцыя міліцыі

У Брэсце фанатамі займаецца, па месцы знаходжання стадыёна “Брэсцкі”, Ленінскі РАУС. Намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік Аляксандр Кугач пацвярджае: “Так, фанатаў суправаджаюць супрацоўнікі аховы пры чыгунцы і міліцыянты. Таксама гутарым перад матчамі. Наконт фізічнага кантакту нейкага, дык гэтага няма. Такіх АМАПаўцаў звальняюць са службы”.

Задаю іншыя пытанні:

- Ці выпісваюць міліцыянтам камандзіроўку?

- Гэта ўнутраная наша справа.

- Чаму не падвезлі да стадыёна брэсцкіх у чужым горадзе?

- Суправаджаць ад вакзала -- гэта прэрагатыва мясцовай міліцыі.

- А чаму разнабой з фаерамі?

- Існуе жорсткае прадпісанне - у радыусе 50 м не павінна быць людзей. Няхай паляць на пустых трыбунах. Ды і тое з дазволу інспектара матча.

Дало міліцэйскае начальства і такой-сякой статыстыкі. На матч даводзіцца мабілізоўваць да 150 міліцыянтаў. За мінулы год было дастаўлена ў РАУС 10 фанатаў, сёлета з пачатку года чацвёра. Са словаў падпалкоўніка Кугача, перад хатнім матчам з ФК “Гомель” у маі адбылася сутычка наўпрост на вуліцы (гомельскія перад стадыёнам запалілі дымавую шашку. -- Я.Б.). У траўматалогіі апынуўся фан з Гомеля. Але міліцыянту ён сказаў, што ўпаў і пабіўся сам.

“Ёсць нармальныя сярод фанатаў хлопцы, - мяркуе іхні міліцэйскі куратар. - Але раю падняцца да іх на трыбуну падчас матча, каб мець уяву. Мат-перамат, абкураныя, нецвярозыя... Калі ёсць нейкія прэтэнзіі да паасобных супрацоўнікаў міліцыі - няхай тыя, хто лічыць сябе пацярпелымі, прыходзяць да нас - будзем разбірацца”.

На куратара фанаў з брэсцкага АМАП спрабаваў выйсці тры разы, але так нічога не атрымалася. На мае пісьмовыя пытанні пра рэгламентацыю суправаджэння фанатаў, фізічнае на іх уздзеянне, і ці вывучаецца досвед забеспячэння шматтысячных футбольных матчаў у Заходняй Еўропе, я атрымаў такія адказы (перадаю сутнасць).

На выязныя матчы фанатаў абавязкова суправаджаюць згодна з распараджэннем №43-2008 г. па Міністэрству ўнутраных справаў, пры ўмове, што ў мясцовы орган міліцыі з футбольнага клуба паступае афіцыйная інфармацыя пра арганізаваную паездку футбольных заўзятараў. Дагляд перад матчамі рэгламентуецца Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Адказнасць за яго выкананне ляжыць на міліцыі, а адмова ад дагляду цягне за сабой абавязковае выдаленне з тэрыторыі мерапрыемства. Фактаў фізічнага ўздзеяння міліцыянтаў на фанатаў пры суправаджэнні, пры адсутнасці правапарушэння (вылучана мной – Я.Б.), не было. Замежны перадавы досвед, само сабой, “изучается в целях повышения профессионального уровня работников милиции”.

 

Толькi "Дынама".

 

Замест эпілогу: дзве развагі і адзін факт

Развагі належаць вядомаму вам ужо студэнту Аляксею. “Матчы ў нас адбываюцца пры амаль пустых трыбунах з дзвюх прычынаў. Па-першае, Беларуская футбольная федэрацыя мала папулярызуе клубы, не раскручвае аўтарытэт гульцоў і трэнераў. Па-другое, футбольныя босы чамусьці часта прызначаюць матчы на будні, ды й яшчэ на нязручны, занадта ранні час. Не адпрошвацца ж людзям з працы”.

Ну, а факт меў месца на стадыёне “Брэсцкі” ў некалькіх запар матчах. Фанаты зладзілі дэмарш. У першы раз арганізавана пакінулі адзін з сектараў, сталі за агароджай. У наступныя, з уласнай інфармацыі, туды на стадыён не заходзілі. Глядзелі матч з-за агароджы і крычалі, што футбол гэта для іх, а не для м...

Дзіўна - трыбуны і так лічы бязлюдныя, гульцам з цяжкасцю знаходзяць нейкія грошы. Досвед канструктыўных кантактаў паліцыі з фанамі за мяжой вывучаецца, але... Давайце абмяркуем гэтую дымную сітуацыю да поўнай яснасці.