Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
31
март 2013

У Баранавіцкім раёне будзе зялёнае кальцо для турыстаў

 

Ініцыятарам ідэі стварэння зялёнага кальца з’яўляюцца сябры баранавіцкага эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання “Неруш”, - паведамляе INTEX-PRESS. Іх праект “Развіццё турысцкай дэстынацыі “Зялёнае кальцо Баранавіцкага раёна” – адзін з 16-ці аналагічных праектаў ад Брэсцкай вобласці, якія будуць рэалізоўвацца да 2015 года ў межах праграмы ААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і экалагічнае развіццё”.

Па словах кіраўніка “Нерушы” і каардынатара праекту Уладзіміра Зуева, Баранавіцкі раён быў прызнаны экспертамі самым перспектыўным для развіцця турызму сярод іншых раёнаў Берасцейшчыны.

У ландшафтным заказніку Стронга. Баранавіцкі раён. Фота -- Алесь Гізун

 

“Існасць праграмы ААН – у падтрымцы праектаў, якія дапамогуць развіваць турыстычны патэнцыял і атрымліваць з гэтага прыбытак”, – распавёў Intex-press Уладзімір Зуеў.

Акрамя эколагаў “Нерушы”, удзельнічаць у праекце будуць таксама індывідуальныя прадпрымальнікі і ўладальнікі аграсядзібаў Баранавіцкага раёна, якія асабліва зацікаўленыя ў ажыўленні турыстычнай плыні. У межах праграмы для ўдзельнікаў праекту прадугледжаныя навучальныя семінары і стажыроўкі за мяжою.

“Цяпер мы актыўна абмяркоўваем разам з экспертамі ААН стратэгію развіцця экалагічнага турызму ў нашым рэгіёне. У адпаведнасці з гэтым у найбліжэйшы час мы вызначым, пад якія канкрэтна нашы ідэі будзе фінансаванне”, – пракаментаваў сітуацыю Уладзімір Зуеў.

Па словах эколага, сёння абмяркоўваюцца два патэнцыйныя зялёныя маршруты па Баранавіцкім раёне.

Першы поліфункцыянальны маршрут мае папярэднюю назву “На берах Сервечы і Сваротвы”. Ён звязвае міжсобку дзве ці не самыя прыгожыя рэчкі Баранавіцкага раёна і дае магчымасць сузіраць маляўнічыя паўднёвыя схілы Наваградскага ўзвышша.

Апроч водных аб’ектаў, маршрут уключае ў сябе і іншыя цікавыя сваёй прыродай, гісторыяй або архітэктурай мясціны: старадаўнія паркі (Ясянецкі, Туганавіцкі, Сваротваўскі), старыя мястэчкі Моўчадзь і Гарадзішча, унікальную трохкутную царкву ў Вялікай Свартове, рэдкую крыніцу ўзыходнага тыпу каля вёскі Пруды і інш. Да таго ж, гэты маршрут нанізвае на сябе 6 аграсядзібаў, дзе можна запыніцца на ноч ці на некалькі дзён.

Другі маршрут з папярэдняй назваю “Мышанка хуткаплынная” таксама спалучае маляўнічыя лясы, цікавыя гісторыка-культурныя аб’екты і 4 аграсядзібы.

Абодва маршруты прадугледжваюць самыя розныя фарматы: пешкі, на роварах альбо на чаўнах. Разам яны і ўтвараюць тое самае зялёнае кальцо, якое знітуе шматлікія цікавосткі Баранавіцкай зямлі.

Вадасховішча Кутаўшчына на рацэ Сервеч.  Фота -- Алесь Гізун

ВАДАСХОВІШЧА КУТАЎШЧЫНА НА РАЦЭ СЕРВЕЧ. ФОТА -- АЛЕСЬ ГІЗУН

Па словах Уладзіміра Зуева, неўзабаве ў межах праекту плануецца таксама стварыць у інтэрнэце зялёную мапу Баранавіцкага раёна з інфармацыяй пра турыстычныя аб’екты, паслугі і інфраструктуру. “Пакуль гэта вельмі слаба прэзентавана ў інтэрнэце. Мы зробім так, каб і беларускі, і замежны турыст мог лёгка даведацца, дзе і што ў нас можна паглядзець ды дзе можна спыніцца на адпачынак”, – распавёў Уладзімір Зуеў.