Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
05
фев 2014

Велік у нас і ў Заходняй Еўропе: розніца максімальна адчувальная ўзімку

 

Яўген БЯЛАСIН для TOMIN.BY

Велік у нас і ў Заходняй Еўропе: розніца максімальна адчувальная  ўзімку. У іх на вела можна ехаць і зімой. У нас і ўлетку прарывацца трэба…

Вось дзве фатаграфіі. На адной чарада датчан, якія “рассякаюць” на роварах па заснежаным Капенгагене.

 

Фота 1 (з сеціва). Зіма дацкім раварыстам не перашкода.

 

На другім веласіпед, які нехта надоўга прыкаваў тросам у цэнтры Брэста. Так надоўга, што шыны замяло.

 

Фота 2. Брэсцкі велік на прыколе.

 

Нічога не хачу даказваць – разважайце самі. Толькі падзялюся такім.

Першае з уласнага жыцця.

Летась мяне некалькі разоў спынялі, зганялі з веласіпеда інспектары ДАІ. У асноўным, патрабавалі пакінуць праезную частку вуліцы і працягваць рух тратуарам, хоць пакрыццё там было гарбатае, з ямінамі, а з’езды на вуліцы высокімі. Не кажу ўжо пра цэнтр, дзе  на тратуарах, як правіла, шмат пешаходаў. 

Аднаго разу быў выпісаны штраф у адну базавую. Замест каб спешыцца і весці вела ў руках, я перасёк Маскоўскую, з яе шасцю палосамі, верхам на сваім “кані”. Такім чынам, пераехаў. Па “зебры”, у адстутнасць аўтамабіляў, – гэта афіцэр палічыў неістотным.  Надта спрачацца не стаў, сплаціў.

Нашы правілы ДР сапраўды такое наўпростава забараняюць. Але не буду прыхоўваць: з зайздрасцю згадваў заходнееўрапейскія гарады, дзе ёсць велаполасы. Нават у Парыжы – каці сабе веласцежкай/велапаласой і ўдоўж па вуліцы, і ўпоперак, як раўнапраўны з аўтамабілістамі ўладальнік колаў!

Другое з вобласці здаровага сэнсу.

 У Гамбургу, які быў “зялёнай сталіцай” у 2011 годзе, вырашылі забараніць… аўтамабілі. Забарона закране цэнтр другога па велічыні нямецкага горада і разлічаная на 20 гадоў. Пра гэта паведамляе англійская газета  The Independent. Вось такі вось autoban. Для тых, хто не ведае англійскую мову, патлумачу гэтую гульню слоў: “ban” абазначае “забарона”, а не “вуліца, шлях” (Bahn), як у нямецкай мове.

Мэта гэтай забароны: вызваліць горад ад аўтакоркаў, смогу і зберагчы людзям час і здароўе. Як адна з заменных магчымасцяў (яшчэ прапануецца перамяшчацца  “на сваіх дзвюх” і на грамадзкім транспарце)  месцічам і гасцям будзе прапанаваны веласіпед.

Маюць пабудаваць непарыўную сістэму “велахайвэяў”, якія ахопяць усю так званую “Зялёную зону” памерам каля 40 адсоткаў ад тэрыторыі ўсяго Гамбурга. Ужо цяпер над праектам штодня працуюць 30 чалавек, цытуе газета “спікершу” гарадскога самакіравання  Анжэліку Фрыч.

Калі Гамбург гэта яшчэ “планов громадьё”, то ў Фрайбургу аўтамабілі ўжо знаходзяцца пад забаронай. Адмовіліся ад аўтамабіляў  жыхары аднаго з паўднёвых мікрараёнаў горада (агулам каля 6 тысяч насельнікаў). Калі жыхар настойвае на тым, каб захаваць у карыстанні аўто, ён мусіць паркаваць  сваё жалеза выключна ў шматпавярховай паркоўцы па-за межамі мікрараёна і цэнтра горада .

Мае веласіпедныя амбіцыі і сталіца Даніі Капенгаген. Тут будзе пабудаваная сетка з 26 веламагістраляў, якія звяжуць цэнтр з усімі прыгарадамі. Мэта: да 2050 года пазбавіць паветра  ад CO.