Яўген БЯЛАСIН для TOMIN.BY
Нягледзячы на маладосць, Аляксей Ляонаў мае ў актыве больш за 50 персанальных выставаў. Ягоныя працы засталіся ў 30 гарадах свету.
Калі апусціць гэтае досыць агульнае месца для рэзюме мастакоў, то на высокі ўзровень паказваюць найперш самі працы, але і такія ўскосныя прыкметы, як наяўнасць каталога і тое, што адначасова з шэрагам выставаў у Беларусі (да нас Ляонаў прыехаў з Нясвіжа) дзве выставы мастака адбываюцца ў Расіі і тры - на радзіме, ва Ўкраіне. Са словаў аўтара, нідзе не выстаўляюцца копіі.
Прадуманая і цікавая і кампаноўка твораў у няцеснай выставачнай залі “Маяка” (так перакладаецца з французскай la Phare). З-за постаці Канфуцыя выглядвае дапытліва Махатма Гандзі. Фотапартрэт – значыць, скульптура на іншай выставе.
Побач не бачаны мною раней Зараастр, за ім са сцяны строга глядзіць у нікуды фараон Эхнатон. Уражвае. Таму, пасля прагляду экспазіцыі, накіроўваюся на пошукі аўтара.
Скульптар Аляксей Ляонаў згаджаецца адказаць на некалькі пытанняў.
Яўген Бяласін: У вас класічны стыль?
Аляксей Ляонаў: Акадэмічны.
Я.Б.: Тым самым, Вы адзін з рэдкіх сучасных мастакоў, хто не павёўся на авангард.
А.Л.: На авангард гляджу найперш як прафесіянал. Авангард гэта падыход. Мая ж мэта ў тым, каб быць зразумелым як мага большай колькасці людзей. Сама мэта ўжо выводзіць на класіку. Авангард, нават пры ўдалым рашэнні, дазваляе быць зразумелым або для вузкай колькасці інтэлектуалоў, або гэта геніяльнае рашэнне, зразумелае ўсім. Але такіх вось, геніяльных рашэнняў у гісторыі мастацтва не так ужо і шмат.
Нават спрабуючы сябе ў авангардзе, я пераходжу да класікі. Да таго ж, Вы бачыце, – жанр маёй скульптуры гэта або гістарычны партрэт, які сам па сабе патрабуе дакладнасці і пазнавальнасці, або тэма мацярынства і дзяцінства, якая належыць да абсягу агульначалавечых каштоўнасцяў. Я звяртаюся да тэмы вечных пачуццяў і вечных каштоўнасцяў.
Працую з шамотам, абпаленай глінай – гэта матэрыял цёплы, прыдатны. Далей, я шмат абагульняю. Акцэнтую на ключавых паняццях. Таму ў выявах прыярытэтныя абліччы і вочы.
Жанна Д’Арк.
Я.Б.: Скажыце, Вашы творы прадыктаваныя Вашымі поглядамі, філасофіяй? Рэлігіяй?
А.Л.: Натуральна, філасофія як светагляд прысутная найперш. І тое, што я праваслаўны, мае значэнне. Але хачу сказаць, што як даследчык, пры вывучэнні сусветнай культуры мушу адзначаць тых людзей, якія зрабілі істотны ўнёсак у сусветную культуру. Важна, каб гледачы атрымалі сігнал, што раней былі людзі, якія ў сіле думкі не саступалі мыслярам нашага часу, а можа, і пераўзыходзілі іх.
Я.Б.: Бачыў фота скульптуры Вашага настаўніка. Некалькі слоў скажыце пра яго?
А.Л.: Васіль Захаравіч Барадай для мяне надта многа зрабіў. Чалавек ён заслужаны, акадэмік...
Я.Б.: Украінскі савецкі? Украінскі?
А.Л.: Украінскі савецкі. У яго вучыўся ў аспірантуры. Ён аўтар скульптуры, якая зрабілася сымболем Кіева...
Я.Б.: А цікава, ці мог па-украінску гаварыць?
А.Л.: А як жа. І добра.
Я.Б.: А Вы самі?
А.Л.: Ніякіх праблем. Пасля двух украінскіх ВНУ.
Я.Б.: А скажыце што.
А.Л.: Калі Вы не супраць, далей буду па-украінску.
Я.Б.: Мне ніякіх праблем. Найперш, якое Ваша стаўленне да таго, што адбываецца ва Украіне?
А.Л.: Гэта жахліва. І першае, што трэба зрабіць, гэта спыніць гібель людзей. Гэта першапачатковая задача ўраду, усіх людзей, хто можа неяк уплываць на сітуацыю. Людзі гэта галоўны рэсурс Украіны. Іхнія таленты, творчыя магчымасці. Україна гэта шматкроць даводзіла ўсяму свету. Спыніць гібель людзей, прычым з абодвух бакоў...
Я.Б.: Лепш дрэнны мір, чым добрая вайна...
А.Л.: Так. Тым больш, што я багата езджу па Украіне, добра ведаю свой край...
Україна - гэта цудоўная краіна, вельмі багатая і прыроднымі, і людскімі скарбамі. Надта духоўная краіна. Мой дом у Кіеве, але я шмат езджу па свету і бачу шырэй. Як мастак, разумею, што ўсё роўна на канцы будзе перамір’е, замірэнне. Гэта найбольшае, чаго цяпер прагну.
Я.Б.: На гэтай ноце, зычэння дабра і міру, дазвольце Вам падзякаваць.