У цэнтры Брэста развінула лісце вярба, якая прарасла скрозь дах дома.
Тым самым яна апярэдзіла дрэвы, якія растуць па вуліцы Камсамольскай.
Тыя стаяць пакуль без лісця. Яны ж не ў доме, – ім проста холадна.
Жыхары з дома №28 ужо некалькі гадоў як адселеныя. Дом шматкватэрны, з драўлянымі сценамі.
Шыферны дах пашкоджаны, і праз дзірку ў ім расце вярба.
Дрэва бачнае пасажырам тралейбусаў. Мабыць, яго можна было б улучыць нават у турыстычныя маршруты як аб’ект паказу. Усё ж не кожны горад можа пахваліцца тым, што ў яго цэнтры праз дах прарасло дрэва.
Дарэчы, у двухстах метрах па ходу тралейбуса былі прызнаныя непрыдатнымі для пражывання і рэканструкцыі некалькі мураванак польскага часу, якія мелі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Іх знеслі і ўзвялі новыя пабудовы.