Рытуальнай аздoбай забіты (застаўлены, закладзены) ўвесь пассаж паміж калгасным рынкам і будынкам фабрыкі “Элма” – калі больш дакладна, гандлёвым парталам, у які ператвораны першы паверх фабрыкі.
Гэта метраў сто, – па адным шапіку на кожныя пяць метраў, ды з абодвух бакоў. Адкуль іх столькі набралася, прадпрымальных на рытуальнай ніве?
“Вы спазніліся, можаце запісацца толькі на будучы год . Гарвыканкам ладзіць гэтую ярмарку, і сёньня ўжо зачынена”, – інфармуе адна з прадавачак, яна сама і ўладальніца развалу штучных кветак, вянкоў, кошыкаў – яркіх гэтых і сумных, бо прызначаных для памёрлых, тавараў.
Прадаецца гэта напярэдадні Радуніцы, якая прыпадае ў нас на 14 траўня. Дзень памінавення памёрлых.
“Фотографируеце, а разрешение имеецца? Очень как-то смело…я в органах служил…”, – знаёмыя павадкі загаляе мужчына пасля 50-ці. Толькі што слініў-лічыў грошы. Дазволіў узяць табурэтку сфоткаць, а потым вырашыў пачапляцца.
Каб неяк збіць гнятлівае ўражанне ад такой вялікай колькасці мёртвага матэрыялу, іду на другі бок рынка, купляю кубачак ліловых браткаў з зямлёй і дару самай прывабнай дзяўчыне-прадавачцы, якая асабліва недарэчна выглядала сярод нежыці. Яна аж уся сьвеціцца: хоць абяцаў, а не чакала. А мне таго і трэба было. Свайго роду “малако” за шкоднасць перад Днём правоў працоўных 1-га Мая.
Жанчынам-прадавачкам падкідваю дыскусійнае пытанне наконт таго, што ў Літве абмяркоўваецца законапраект, каб ЗАБАРАНІЦЬ продаж нежывых кветак для выкарыстання на могілках.
ТОЛЬКІ ЖЫВЫЯ!
Падстава: бо пад уздзеяннем сілаў прыроды штучныя пластык, фарбы, тканіна распадаюцца і шкодзяць нам, жывым. Жанчыны не вераць. Першая думка: а што ж нам тады, без работы? Другая: будзем прадаваць жывыя кветкі! Трэцяя: дык з імі валтузні…Але ўсё гэта праўда. З ёй і сыходжу.
А вы на яе гляньце. Служывы ў адстаўцы, дарэчы, адгадваецца. Вось толькі ці яго аўто, не ўпэўнены. Але Рэмарк на тое і класік, каб адгадваць найлепшыя крыніцы заробкаў у пэўныя часы… Чытайце: “Тры таварышы”, “Чорны абеліск”.

