
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў VІІ абласны фестываль школьных тэатральных калектываў “Асарці” на замежнай мове. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 400 вучняў з 16 раёнаў вобласці.
- Фестываль, які праходзіць у рамках рэспубліканскай і абласной праграм “Маладыя таленты Беларусі”, з’яўляецца адной з форм пазакласнай работы, што садзейнічае развіццю і падтрыманню інтарэсу вучняў да замежнай мовы, павышэнню ўзроўню практычных навыкаў гаварэння, а таксама развіццю творчых здольнасцей, эстэтычнага густу, уяўлення, памяці і ўвагі, - расказала метадыст Брэсцкага абласнога ІРА І.М. Жогла. – У фестывалі ўдзельнічаюць вучні рознага ўзросту і рознай ступені навучанасці. Мерапрыемства здымае цяжкасці ў зносінах, робіць дзяцей больш упэўненымі ў сваіх магчымасцях, рыхтуе да будучай прафесіі.
З году ў год павышаецца майстэрства тэатральных калектываў: удасканальваецца выразнасць маўлення школьнікаў, літаратурныя вобразы максімальна адпавядаюць задуме твораў, касцюмы і дэкарацыі, вырабленыя рукамі вучняў і настаўнікаў, становяцца больш маляўнічымі і відовішчнымі.
Сёлета тэатралізаваныя пастаноўкі былі прадстаўлены на трох замежных мовах – англійскай, нямецкай і французскай. Пры ацэньванні выступленняў улічваліся мастацкая каштоўнасць твораў, сцэнічнае і творчае ўвасабленне іх задумы, перадача літаратурных вобразаў, выразнасць і правільнасць маўлення, узровень валодання замежнай мовай з улікам узроставых асаблівасцей і інтарэсаў вучняў, а таксама афармленне дэкарацый і касцюмы.
Па выніках фестывалю дыпломы І ступені атрымалі вучні брэсцкай гімназіі № 2 за пастаноўку п’есы Б. Шоу “Пігмаліён” (кіраўнік С.І. Кныш), брэсцкага дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 за пастаноўку казкі на новы лад “Царэўна Несмяяна” (кіраўнік Т.А. Мосіна), пружанскай гімназіі за пастаноўку мюзікла “Пружанская шляхта” (кіраўнікі В.М. Кавалевіч і Г.У. Архуцік), брэсцкай сярэдняй школы № 15 за пастаноўку п’есы С. Шаню і Ж.Шалена “Крама шчасця” (кіраўнік Т.Р. Ільяшэвіч), пінскай сярэдняй школы № 12 за пастаноўку “Мэры Попінс” (кіраўнікі І.В. Шыхуцкая і Т.А. Васіленка) і баранавіцкай гімназіі № 5 за пастаноўку твора О. Уальда “Зорны хлопчык” (кіраўнік М.У. Шэка).

