Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
18
дек 2013

У Пружанах чыгунную агароджу помніка расійскаму афіцэру Бергу здалі ў пункт прыёму металу

 

 Яўген БЯЛАСІН для TOMIN.BY

Літую чыгунную агароджу помніка расійскаму афіцэру Бергу артылерыі здалі ў пункт прыёму металу. Каб глянуць, давялося ехаць на месца.

Агульныя ўражанні такія: тут дзеецца прыкладна тое самае, што і на брэсцкіх Трышынскіх могілках. Недагледжанасць, заняпад, расцяганне старавечных агароджаў і нават помнікаў на дробныя фрагменты. Не трэба быць звышразумнаму, каб здагадацца: не ў музей і нават не на сувеніры.

Ад агароджы памерлага ў 25 гадоў у 1848-м годзе падпаручніка Уладзіміра Карлавіча Берга (усё прапісана на помніку) застаўся невялікі фрагмент з тыльнага боку - прыкладна шостая частка. 

 “Не змаглі выцягнуць з зямлі”, -- мяркуе мясцовы краязнаўца Леанід Патапчук, які адсочваў могілкавы гешэфт у рэальным часе.

Спадар Патапчук  распавядае пра факт канвертацыі агароджы ў грошы і яго акалічнасці:

-- Убачыў, як прыгожую чыгунную агароджу здавалі ў металалом. Прымальнік сказаў, што здавалі пружанскія. Калі мясцовыя, дык я адразузарыентаваўся, адкуль. Пайшоў на могілкі, “вылічыў”, што агароджа ад гэтага помніка. У панядзелак пайшоў у рэдакцыю газеты “Пружанскія будні”, (афіцыйная раёнка. -- Я.Б.), паказаў фота. Тыя далі мой тэлефон участковаму. Ён распытаўся, потым тэлефануе: “Знайшлі мы, хто гэта зрабіў”.                          

 “Металістамі” апынулася сям’я, якая жыве каля могілак. Са словаў Леаніда Патапчука, людзі патлумачылі сваю акцыю тым, што з’яўляюцца родзічамі  падпаручніка Берга(!!!) і такім чынам упарадкавалі магілу.

Краязнавец кажа, што сапраўды, цяпер прыбіраюць навадзелы з жалеза, агідныя высокія загародкі. “Але навошта разбіваць ліццё XIX стагоддзя? - здзіўлены Патапчук. - Могілкі ж наведваюць турысты. А ў нас амаль усе старыя чыгунныя агароджы пабітыя на кавалкі або знесеныя ў пункт прыёмкі пітушчымі людзьмі”.

 Леанід Патапчук кажа, што пытаўся ў старэйшых людзей з таго роду, які папрацаваў каля помніка падпаручніку артылерыі, - ніякага Берга яны не ведаюць. Пагатоў, што Уладзімір Карлавіч быў яўна не мясцовым чалавекам і памёр маладым. Але ці будзе нехта разбірацца ў генеалагічным дрэве “металістаў”, краязнаўца сумняваецца.

Вырашыў пацікавіцца абставінамі справы ў тых, хто ахоўвае правапарадак. Справа была позна пад вечар, перад выходнымі. Назаўтра, па тэлефоне ўжо, з участковым аператыўны дзяжурны звязацца не дапамог.

Перанакіраваў да кіраўніка аддзела аховы грамадскага парадку Пружанскага РАУС. Вось, думаю, якая ўдача. У суботу якраз адпаведны чалавек на працы. Але  Аляксандр Карнялюк прапанаваў дачакацца панядзелка і звязацца, а найлепш прыехаць да яшчэ аднаго начальніка. Але навошта мне начальнік аддзела кадраў? Сам пракаментаваць здачу металалому з могілак афіцэр Карнялюк адмовіўся: “На гэта ёсць прэсавая служба”.

Мяркую, трэба  павялічваць колькасць неабыякавых людзей. Такіх, як Леанід Патапчук. Каб паветра не было для тых, хто разрабоўвае магілы. Нейкім двуадзіным рашэннем было б тут замацаваць за могілкамі якуюсьці гістарычную суполку школьнікаў.

Такія суполкі зазвычай гуртуюцца вакол добрых настаўнікаў. Напэўна, такія ў Пружанах ёсць. Думаецца, цікавы быў бы такі факультатыў у духу еўрапейскага прынцыпу праектнасці навучання.

Прыбралі за адно наведванне некалькі занядбаных месцаў, падрамантавалі нешта, а заадно паднялі каштоўны гістарычны матэрыял. Напісалі па выніках не з Інтэрнэту скачаную творчую працу. Абмеркавалі. Такая праца робіць жыццё сэнсоўным.