Яўген Бяласін для TOMIN.BY
У Мастацкім музеі адчынілася выстава Мікалая Чурабы. Краявіды Брэста пэндзля Мікалая Чурабы будуць даступныя месцічам і гасцям горада да 25 лютага.
Выстава прысвечаная 100-гадоваму юбілею Мікалая Чурабы.
Незвычайнае вызначэнне асобы Мікалая Чурабы, вынесенае ў загаловак, належыць ягонаму вучню Канстанціну Калодзічу. Пры жыцці бадай што адзіны на пасляваенныя часы беларускі мастак з адукацыяй (навучаўся маляванню ў Віцебску і Ленінградзе) не атрымаў прызнання: не быў у Камуністычнай партыі, бо спяваў у царкоўным хоры.
Цяперашняя выстава тэматычная і ахоплівае толькі частку спадчыны брэсцкага мастака і педагога. Партрэты выдатнага графіка абяцаюць выставіць тут улетку. Карціны Мікалая Чурабы плануюць паказваць цягам году па ўсёй Беларусі.
Мароз не перашкодзіў прыйсці на адкрыццё выставы каля ста прыхільнікам творчасці Мікалая Дзмітрыевіча Чурабы. Выступалі вучні, асобы, якія яго ведалі, афіцыйныя асобы, родныя мастака.
Адна з выступоўцаў мела ўзаеміны з майстрам толькі аднойчы, але распавяла пра ўскоснае сведчанне ягонага высокага аўтарытэту. Калі яна была ў іншым горадзе на канферэнцыі, то ў выступе проста згадала, што жыве ў адным горадзе з Мікалаем Чурабам. Увесь зал падняўся і апладзіраваў імені. Літаральна тое самае спантанна здарылася і ў Мастацкім музеі.
У гутарцы з вашым карэспандэнтам дачка Мікалая Чурабы Ніна Мікалаеўна казала: “Ён мог прымірыць сабой самых крайніх артадоксаў, бо ва ўсім навокал бачыў Божую сутнасць і глядзеў толькі на яе”.
Гэта зусім нечакана пацвердзілася на адкрыцці выставы майстра. Адзін з выступоўцаў, настальгуючы па камуністычных часах, казаў пра раз’яднанне, пра тое, “што робіцца на Майдане”. Але тут у зале яму запярэчылі: маўляў, не чапай святое.
Тое, што бацьку пакінулі без званняў, старэйшае пакаленне Чурабаў тлумачыць ягонай сціпласцю. “Ён не любіў вытыркацца, заўсёды стараўся лепш прапусціць каго паперадзе, ” – сказала Людміла Мікалаеўна, старэйшая дачка. А вось унучкі ў адзін голас сказалі: абыйшлі, таму што быў на акупіраванай немцамі тэрыторыі, таму што будучы выкладчыкам Брэсцкага політэхнічнага інстытута, верыў у Бога.
Адзначу педантычную дакладнасць арганізатараў выставы. Мастак часта падпісваў свае карціны па-беларуску. Гэтую традыцыю не парушылі. Як было насамрэч – так і пададзена на цэтліку пад карцінай.
Такі вось пакручасты лёс, які не зычыш ніякаму народу, бо таленавітыя сыны і дочкі ніколі не паваляхі, не скрозь іх рассыпана. А ці ўзяць сабе на ўвагу такі лёс, ці проста ўзяць яго сабе – гэта кожны выбірае сам.