Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

Выставка «Брестская акварель» проходит до 21 ноября

 

Брестская акварель

 

 

Сярод розных відаў і жанраў сучаснага выяўленчага мастацтва Берасцейшчыны асобнае месца займаюць работы, выкананыя акварэллю. Акварэль стала прыкметнаю ў экспазіцыях абласных і рэспубліканскіх выстаў. Выйшла яна і на сусветную арэну, аб’ектыўна паказаўшы сабе мастацтвам, якое мае вагу ў агульным мастацкім працэсе. Больш рознабокавай і багатай стала акварэльная мова ў вобразным адлюставанні нашай сучаснасці.

Берасцейскіх мастакоў заўжды натхняла і натхняе Палессе з яго заліўнымі лугамі, лясамі, і маляўнічымі старымі вёскамі. Не забываюць творцы і пра людзей, што з імі побач: ці гэта сябры, ці людзі мастацтва альбо проста нічым асаблівым не адметныя нашы сучаснікі. Як і ва ўсе часы, найбольш, вядома, натхняюць мастакоў Музы – прыгожыя дзяўчаты і жанчыны, якія заўсёды з творцам ці то ў думках, ці то наяве… Натхняе і ўзбагачае мастакоў і гістарычнае мінулае роднай зямлі: асобы, падзеі, архітэктура. Без мінулага, як вядома, няма сучаснага і не будзе будучага. Мастакі не абмінаюць гісторыю і сённяшні час Берасцейшчыны.

Для старэйшага пакалення мастакоў часткай іх гераічнай біяграфіі была вайна. Берасцейскія творцы пасляваеннага пакалення запомніліся сваімі класічнымі акварэлямі. Найперш гэта пейзажы, партрэты і нацюрморты Пятра Данэліі, Эдуарда Куфко, Мікалая Чурабы, Мікалая Бялова, Міхаіла Талмачова, Яўгена Шумовіча. Многія работы пісаліся непасрэдна з натуры ў Брэсцкай крэпасці, куды пасля вайны можна было трапіць толькі па асобных прапусках.

Выразнымі творамі заявілі пра сябе такія мастакі-акварэлісты як Генадзь Сурма, Аляксандр Алонцаў, Лявонцій Доўбуш, Міхась Кебец, Канстанцін Калодзіч, Леанід Салаўёў, Мікалай Нерадзюк, Яўген Шатохін з Пінска (майстар “дынамічнай лініі і празрыстай, цякучай, сакавітай акварэлі”). Асобна можна вылучыць творы Лявонція Доўбуша, на якіх адлюстравана цэнтральная частка Брэста: яго адметная тэхніка ў акварэлі дазваляла паказаць пазнавальныя гарадскія пейзажы, што вылучаюцца асаблівай аўрай старога горада. Міхась Кебец любіў працаваць на прыродзе, ствараючы адмысловы свет навакольнага асяродку, непаўторны і індывідуальны. Генадзь Сурма стварыў серыі акварэляў па мокрай паперы ў сваім запамінальным серабрыста-вохрыстым каларыце, які дазволіў данесці да гледача непаўторныя вобразы родных мясцін.

На выставе з поспехам прадэманстравалі свае творы мастакі, што плённа працуюць у жанры акварэлі: гэта Валянціна Татарнікава-Панок, Антаніна Гуршчанкова, Таццяна Пясецкая, Леанід Валасюк, Уладзімір Тулупаў, Аляксандр Улыбін, Ігар Раманчук, Ганна Чапурная-Алейнік, Аліна Кандрацюк, Іна Дзянішчык, Уладзімір Казлоў, Марына Лапо, Уладзіслава Скавародка, Леанід Рацько, Настасся Алешка, Вольга Данілюк з Жабінкі. Усяго ў выставе прымаюць удзел 18 мастакоў, з 80-ццю творамі, у якіх прысутнічаюць духоўныя і маральныя пошукі, цікавасць да гісторыі роднага краю і горада Брэста. Яны захавалі любоў да каларыту, зместу і прыгажосці. Мастакі жывуць усім гэтым, аддаючы шмат часу творчаму працэсу.