
З мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да роднай мовы, нацыянальнай літаратурнай творчасці, далучэння дзяцей і моладзі да беларускай музыкі і паэзіі, папулярызацыі лепшых твораў беларускага эстраднага песеннага мастацтва, музычна-паэтычнай творчасці беларускіх аўтараў, беларускай нацыянальнай культуры 19 лютага 2016 года ў Брэсце адбудзецца абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.

У праграме абласнога свята запланаваны шэраг мерапрыемстваў:
I. 11.00—14.00. Майстар-клас па выяўленчаму мастацтву пад кіраўніцтвам Уладзіміра Рынкевіча.
Праграма майстар-класа па выяўленчаму мастацтву прадугледжвае выставу творчых работ традыцыйнага рэалістычнага і фігуратыўна-экспрэсіўнага напрамкаў мастака, члена ГА “Беларускі саюз мастакоў”, мастацтвазнаўцы, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Рынкевіча Уладзіміра Іванавіча.
Лекцыю па тэме “Актуальныя пытанні мастацкай адукацыі: тэорыя і практыка”, накіраваную на супрацоўнікаў устаноў культуры і адукацыі: цэнтраў народнай творчасці, студый і гурткоў выяўленчага мастацтва, настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў, аматараў выяўленчага мастацтва.
Майстар-клас па акварэлі для выкладчыкаў дзіцячых школ мастацтваў і кіраўнікоў гурткоў і студый выяўленчага мастацтва.
Асноўная мэта мерапрыемства – комплексная публічна-прапагандысцкая імпрэза, накіраваная на папулярызацыю беларускага мастацтва і павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці ў галіне выяўленчага мастацтва, як спецыялістаў, так і шырокага кола аматараў мастацтва.
ІІ. 12.00-14.00. Абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.
У конкурсе прымаюць удзел маладыя выканаўцы ва ўзросце 16-31 год незалежна ад ведамаснай прыналежнасці, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў і заявілі аб сабе поспехамі ў значных фестывалях і конкурсах.
У адрас аргкамітэта абласнога тура конкурсу было даслана 62 заяўкі.
Кампетэнтнае журы, праслухаўшы дасланыя фанаграмы конкурсных твораў, вызначыла 15 кандыдатаў для ўдзелу ў абласным туры.
Па выніках абласнога туру будуць адабраны тры лепшыя выканаўцы, якія прымуць удзел у Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі.
ІІІ. 15.30. Адкрыцце кніжнай выставы “Нам засталася спадчына”. Выстава прадстаўлена з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага.
IV. 16.00-17.15. Святочны канцэрт “З любоўю ў сэрцы да роднага слова”, у якім сваё майстэрства прадэманструюць маладыя выканаўцы беларускай эстраднай песні, мастацкія калектывы Брэсцкай вобласці, а таксама госці з Мінскай вобласці.
V. 17.15-19.00. Этнадыскатэка “Час вяртання”. Удзельнічаюць тры фальклорныя гурты з Брэсцкай вобласці. Госцем мерапрыемства будзе фальклорны гурт з Валожынскага раёна Мінскай вобласці Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Гасцінец”. На дадзеным мерапрыемстве можна навучыцца побытавым танцам.
Далучыцеся да нашага свята, дакраніцеся да роднага слова, да нашых традыцый!!!

