Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста

 

 

TOMIN.BY

Міністэрствам культуры Беларусi абвешчаны конкурс эскізных праектаў помніка народнаму паэту Беларусі Максіму Танку ў г. Мядзелі.                                                            

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ўстанова адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”. Стварэнне і ўстаноўка помніка будуць прафінансаваны Міністэрствам культуры і Мінаблвыканкамам.

Рашэнне аб стварэнні помніка і яго ўстаноўцы ў Мядзелі адобрана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым паведамiла прэс-служба Мiнiстэрства.

Мэтай конкурсу з’яўляецца пошук найбольш выразнага вобраза аднаго з самых вядомых і арыгінальных прадстаўнікоў беларускай культуры і паэзіі XX стагоддзя, 100-годдзе з дня нараджэння якога святкуе Беларусь у 2012 годзе.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца скульптары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю. Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне помніка павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва.

Пераможца атрымлівае права на стварэнне помніка.

Для прыняцця ўдзелу ў конкурсе да 21 снежня 2012 г. уключна падаецца заяўка па адрасу: г.Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 316.

Падрабязнасці аб умовах конкурсу і форма заяўкі размешчаны на сайце Міністэрства культуры.

Як адзначыў Міністр культуры Павел Латушка: “Ушанаванне памяці аднаго з выдатных беларускіх літаратараў Максіма Танка (Яўгена Скурко) у год векавога юбілею з дня яго нараджэння з’яўляецца сімвалам удзячнасці ад імя беларускага грамадства і дзяржавы славутаму паэту. Яго велічныя словы “І толькі тады становішся чалавекам, калі ўсе могуць спадзявацца на цябе” ўпісаны ў літаратурную скарбніцу беларускай культуры.

У ліпені Міністэрствам культуры быў абвешчаны конкурс на стварэнне эскізных праектаў бюста Максіму Танку, але, па адзінадушнаму меркаванню журы, было вырашана адзначыць творчы ўклад народнага паэта ў беларускую літаратуру стварэннем помніка.

Даведачна: Максім Танк (17 верасня 1912 - 7 жніўня 1995) нарадзіўся  ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага пав. (цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) — беларускі паэт, перакладчык. Народны паэт БССР (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Лаўрэат літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959), ганаровы грамадзянін Мінска(1987).

Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. I ўсё ж галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М. Танка, — Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.