Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста

 

Фотамастак аўтар выдавецкага праекта “Спадчына Беларусі”, журналіст БТ Алег Лукашэвіч распавядае Еўрарадыё, чаму разам з Аляксандрам Аляксеевым вырашыў рыхтаваць дакументы ў суд на аўтараў кнігі "Краіна Беларусь" Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча.

Багата ілюстраваную кнігу "Краіна Беларусь" нядаўна перавыдалі Уладзімір Арлоў і Зміцер Герасімовіч (цяпер яна — на беларускай, рускай і англійскай мовах).

Аўтары іншага выдавецкага праекта “Спадчына Беларусі” журналіст БТ Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў заўважылі там свае здымкі і вырашылі падаць у суд. Пра гэта Лукашэвіч напісаў у сваім Фэйсбуку:

"Мы з цікавасцю вырашылі пазнаёміцца з новым выданнем тандэма Арлоў-Герасімовіч. Аднак асалода ад кнігі прайшла, калі адзін за другім мы пачалі пазнаваць свае фотаздымкі помнікаў архітэктуры і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Іх было не адзін, не два, нават не пяць, а 22 адзінкі. Цікава, што пад некаторымі НАШЫМІ фотаздымкамі змяшчаўся подпіс: фотаздымак Зміцера Герасімовіча, альбо проста “сучаснае фота”. Мы не маглі паверыць сваім вачам ў такое нахабства. Ні спадар Уладзімір Арлоў, ні спадар Зміцер Герасімовіч не звярталіся да нас з просьбай аб прадастаўленні здымкаў. Іх проста скралі з нашага альбома і выдалі за сваю вялікую працу. Ці ведаюць спадары, што кожны здымак наогул мае свайго аўтара? Што гэта аўтарскі твор? Такім чынам скрадзеныя здымкі надрукаваны у 5000 экземплярах. Калі б падобная сітуацыя склалася напрыклад у Францыі, увесь тыраж быў бы арыштаваны.

Гэта не першы выпадак, калі нашыя здымкі нахабна крадуць. Мы ўжо выйгралі некалькі падобных спраў у судзе. І далей будзем ахоўваць тое, што належыць нам.

Зараз наш юрыст рыхтуе заяву ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь".

Як вядома, менавіта Вярхоўны суд займаецца аўтарскімі правамі. 

Адзін з аўтараў альбома "Краіна Беларусь" Зміцер Герасімовіч кажа ў каментары Еўрарадыё, што фотаздымкі не краў, а браў у выдавецтве "Беларусь", якое магло перадаць іх без подпісаў:

"Гэта нечаканыя звесткі. Мы часта абменьваемся ілюстрацымі з рознымі архівамі. Таму такія сітуацыі здараюцца. Але ж можна было мне патэлефанаваць, каб у наступным выданні мы ўказалі прозвішчы".

Падобная сітуацыя ўжо здаралася з фотаздымкамі Георгія Ліхтаровіча, кажа Герасімовіч. Але там усё вырашылася пасля тэлефоннай размовы.

Адзначым, што альбом друкавала венгерска-славацкае выдавецтва. Пісьменнік Уладзімір Арлоў рыхтаваў для яго тэксты, афармленнем займаўся Зміцер Герасімовіч.

Фота - старонка А. Лукашэвiча  ў Фэйсбук.