Студэнты рэкордна заляпілі жуйкамі нізы сталоў. Магчыма, так выразіўся іх пратэст супраць СНІДу.
Прынамсі, так можна асацыятыўна вытлумачыць іхні плакат “Я ПРОТЕСТУЮ!”, вывешаны на сёмым паверсе галоўнага будынка Брэсцкага педагагiчнага ўніверсітэта імя Пушкіна.
Плакат мае выгляд цытаванага надпісу і далоняў, адбітых пад ім рознакаляровай гуашшу. У правым куце ватмана ўпоравень з надпісам прымацаваны нейкі бандан з чырвонай стужкі на вельмі малую галаву.
Калі прайшоў па калідоры далей, убачыў сталы, выстаўленыя з аўдыторый дзеля рамонту, няйначай. Сталы былі састаўленыя ў тры паверхі, другі і трэці паверх іх быў перакулены нагамі ўверх, і адкрылася ніжняя частка. Карціна прыкладна раўналежная зямлі пад дрэвам з мноствам гнёздаў або асфальту пад месцам масавага седавішча галубоў.
На адным са сталоў я налічыў каля 300 выжаваных жуек. Яны пасля добра лепяцца. Пра гэта добра вядома прыбіральшчыцам дзіцячых садкоў і, як бачым, наведнікам універа. Цяпер вы, назіраючы роўную паверхню сталоў універсітэта імя Пушкіна, будзеце мець уяву, што знізу.
Але жарты ўбок. На сёмым паверсе сур’ёзныя справы адбываюцца. Тут студэнты праходзяць курс медпадрыхтоўкі. Было няўцям, супраць чаго вісіць пратэст на сярэдзіне калідора. Пасля агляду сталоў падумаў было, што ён супраць абс...ння казённых сталоў. Але трэба было ведаць дакладна.
“Хіба не бачыце стужку?” – пытаннем на пытанне адказала нейкая выкладчыца. “Бачу. Але ўсё роўна не разумею”. Вось тут і прагучала страшное, як стрэл: “СПИД”.
“Сіндром набытага імунадэфіцыту”, – цямлю. Але чаму ж тады жуйкі гэтыя жуюць, як каровы сена?
І я прыйшоў да высновы: мабыць таму, што хвалююцца. Тэма пеража...перажывальная.
Гэта са сферы дапушчэнняў. Са сферы пэўнасцяў калі чарпнуць, дык дакладна можна канстатаваць летальны стан студэнцкага самакіравання. Бо каб пачуваліся як у сябе дома, дык не ляпілі б адно на адно гідоту і антысанітарыю. Або хаця б прыбіралі за сабой.