Сустрэчу ў сакавіку Сямашка паабяцаў цягам мінулага прыезду ў студзені.
“Але і цяпер не схацеў, – кажа адна з работніц. – Перадалі нам, што прапануе сустрэцца напрыканцы красавіка”.
Нагадаем, у студзені жанчыны, абураныя нізкімі заробкамі, зладзілі мітынг і лавілі віцэ-прэмьера Сямашку ў цэхах. Ён прыгразіў “зняць на сходзе калектыва праз два месяцы, калі не справіцца”, дырэктара Леаніда Шалковага, які паабяцаў работніцам падвышку заробку з 300 тысяч да трох з паловай мільёнаў рублёў у месяц.
“Цяпер дырэктара не знімуць, мабыць, – кажа адна з “мінынгоўшчыц”, Ганна Марчук. – Ткачы працавалі нават у выходныя, дык ім налічылі каля 4 мільёнаў за люты. Іншым, праўда, каля 2 мільёнаў. Аднак людзям, пасля году безграшоўя, і гэта шмат.”
Работніцы баяцца іншага: прадукцыя слаба рэалізуецца. “Скончыцца крэдыт, і нас зусім закрыюць”.
Частыя прыезды на “Дываны Брэста” высокага начальства звязаныя з цяжкім становішчам прадпрыемства – канвеер стаяў з вясны да снежня 2012 года. Перад Новым годам “Дыванам Брэста” вылучылі крэдыт у 8 мільярдаў 300 мільёнаў рублёў.
У канцы красавіка на прадпрыемстве будзе падпісвацца калектыўная дамова адміністрацыі і прафсаюза. Не могуць не ўсплаць пытанне заробкаў, мэтазгоднасці выдаткавання грошай і акцый. Як вядома, улады прынялі рашэнне павялічыць удзел дзяржавы ў Адкрытым акцыянерным таварыстве, якім з’яўляецца прадпрыемства “Дываны Брэста”.
Напэўна, пра перадачу часткі акцый дзяржаве і будзе казаць віцэ-прэмьер на сходзе ў красавіку, мяркуюць работніцы.