Сымон БАЙ для TOMIN.BY
У Брэсце адкрылі бюст Менахему Бегіну.
Экс-прэмьер Ізраіля нарадзіўся ў Брэсце. Дом не лакалізаваны. Таму бюст паставілі паміж кінатэатрам “Беларусь”, пад які прыстасавалі былую сінагогу, і тэлецэнтрам.
На адкрыццё прыехаў пасол Ізраіля, іншыя дыпламаты.
Таму горад вылізвалі з мётламі сотні дворнікаў. “Надакучыла гэтая паказуха. Ужо два дні дзяўбемся”, – сказаў адзін з іх.
У выніку лісця не было на дрэвах (апала само) і на вуліцах ды газонах (падмялі і вывезлі).
На адкрыцці старшыня гарвыканкама Аляксандр Палышэнкаў агучыў, што на ўсталяванне бюста Бегіну даваў дазвол Аляксандр Лукашэнка. Тое самае паўтарыў і пасол Іосіф Шагал.
Памятнiк устанавілі побач з будынкам на вул.Куйбышава, 49. У гэтым доме да 1939 года была гiмназiя, у якой вучыўся Бегiн. 23 верасня 2005 года на доме была ўстаноўлена мармуровая мемарыяльная дошка.
Праект цалкам прафінансаваны ізраільскім бокам.
Даведка TOMIN.BY
Менахем Бегін нарадзіўся ў Брэст-Літоўску 16 жніўня1913 года. Скончыў яўрэйскую рэлігійную школу, дзяржаўную гімназію, Варшаўскі ўніверсітэт (з дыпломам юрыста, 1935 г.). Быў кіраўніком яўрэйскай маладзёвай арганізацыі “Бейтар”. У 1939 г. уцёк у Вільнюс, дзе яго з прыходам СССР у 1940 годзе арыштавалі як “агента англійскага імперыялізма” і засудзілі на 8 гадоў ГУЛАГу. У 1941 годзе як польскі падданы быў вызвалены з лагера на рацы Пячора і прызваны ў армію Андэрса.
Пасля 1943 года ўдзельнічаў у барацьбе за дзяржаву Ізраіль як кіраўнік падпольнай арганізацыі баевікоў “Іргун”. За падрыў гасцініцы быў у вышуку. Англійскія ўлады выставілі за яго галаву ўзнагароду ў 10 тысяч фунтаў стэрлінгаў.
Быў прэмьер-міністрам Ізраіля з 1977 па 1983 год. Лаурэат Нобелеўскай прэміі міру (1978 г.) за дасягненне мірнага пагаднення ў Кэмп-Дэвідзе паміж Ізраілем і Егіптам. Памёр у 1992 годзе.