
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Праблема недахопу месцаў у дашкольных установах Брэста з’яўляецца сёння адной з самых вострых. Улічваючы яе актуальнасць, у адміністрацыі Маскоўскага раёна горада прайшоў круглы стол “Прыватная ініцыятыва і новыя формы ў развіцці сістэмы дашкольнай адукацыі. Праблемы. Шляхі вырашэння”, куды былі запрошаны эканамісты, прадстаўнікі падатковай інспекцыі, гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прадпрымальнікі, а таксама кіраўнікі дзяржаўных і прыватных дашкольных устаноў.
- Прыём грамадзян па пытаннях уладкавання дзяцей у дашкольныя ўстановы – сур’ёзнае выпрабаванне для мяне, як кіраўніка раённай адміністрацыі, паколькі сёння не ўдаецца вырашыць супярэчнасць паміж дэмаграфічным ростам, імклівым развіццём новых мікрараёнаў і недахопам месцаў у дзіцячых садах, - адзначыў кіраўнік раённай адміністрацыі Аляксандр Рагачук. – У Маскоўскім раёне, дзе пражываюць каля 220 тысяч чалавек, дзейнічаюць 37 дашкольных устаноў і 5 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад – пачатковая школа”. З усіх дашкольных устаноў выведзены першыя класы. Тым не менш у садках не хапае яшчэ 1,5 тысячы месцаў. У шэрагу мікрараёнаў горада сітуацыя ў гэтым плане даволі цяжкая, бо там пакуль увогуле няма адпаведных устаноў.
З году ў год нараджальнасць у Брэсце расце. Звыш 60 % дзяцей горада пражываюць у Маскоўскім раёне. Калі ў 2000 годзе ў ім нарадзіліся 3188 дзяцей, то летась 4204. На фоне паляпшэння дэмаграфічнай і жыллёвай сітуацыі склалася карціна, калі колькасць дашкольнікаў значна перавышае праектныя магутнасці існуючых дзіцячых садоў.
У адпаведнасці з праграмай развіцця дашкольнай адукацыі на 2009-2014 гады і планам сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэста на 2011-2016 гады запланавана будаўніцтва двух садоў-школ і трох ясляў-садоў. Але нават з увядзеннем гэтых аб’ектаў усё роўна будзе адчувацца дэфіцыт месцаў у іх. Для выпраўлення становішча плануецца прыцягнуць прадстаўнікоў малога бізнесу, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншыя зацікаўленыя структуры па стварэнні і адкрыцці новых форм дашкольнай адукацыі – груп выхаднога дня, кароткачасовага знаходжання, паслуг гувернёраў і нянек.
Сёння ў Расіі, Украіне, Польшчы і Літве аналагічную праблему вырашаюць менавіта за кошт малога бізнесу і прыватных форм дашкольнай адукацыі (напрыклад, у Маскве працуе каля 130 прыватных дзіцячых садоў). Але каб вырашыць гэтую праблему, неабходна ўлічваць падатковыя, юрыдычныя, эканамічныя, санітарна-эпідэміялагічныя і арганізацыйныя ўмовы работы.
Падчас круглага стала прадстаўнікі прыватных дашкольных устаноў Брэста, ПУП “ДзіАрсад” і ТАА “Адукацыйны цэнтр Нью-Тон”, падзяліліся найбольш праблемнымі момантамі ў арганізацыі адпаведнай работы. Бадай, самым складаным пытаннем з’яўляецца арганізацыя дзіцячага харчавання ў прыстасаваных памяшканнях. Не садзейнічае развіццю бізнесу значны падатковы цяжар, вялікі кошт камунальных паслуг і арэнды. Зразумела, што прыватніка неабходна неяк зацікавіць у вядзенні дашкольнага бізнесу, бо ніхто не будзе займацца стратнай справай. Па гэтай прычыне, пагадзіліся ўдзельнікі круглага стала, з боку дзяржавы варта ствараць максімальна спрыяльныя ўмовы ў галіне падаткаабкладання, арэнднай платы і камунальных паслуг, напрыклад, праз субсідзіраванне. Акрамя таго, неабходна арганізаваць сур’ёзную інфармацыйную работу з насельніцтвам: расказваць пра новыя формы дашкольнай адукацыі, стварыць банк даных гувернёраў і нянек.

