Сымон БАЙ для TOMIN.BY
Здарэнне гэта адбылося позна ўвечары 23 студзеня. Уладальнікі разбітага аўто, сям’я С-чук, ацэньваюць шкоду прыкладна ў паўтары тысячы умоўных.
Двое дзяцей ехалі ў дзіцячых крэслах і не пацярпелі, сказаў TOMIN.BY галава сям’і, які быў пасажырам. Іх адправілі дахаты спаць. У аўтамабіля выбітая шыба задніх дзвярэй, моцна памяты ўвесь левы бок ад месца пасадкі задніх ліхтароў да пярэдніх фар, якія ўшчэнт разбітыя. Будзе бляхару праца і на капоце.
Вольга С-чук кажа:
– Толькі ад’ехала ад МІКСА, павярнула налева… Не разганялася, бо дарога не тая. Прытармазіла пару разоў – а машына як кацілася так і каціцца. Слізгае юзам. Перад “зебрай” паспрабавала ўправа – але аўтамабіль як кегля. Так і вынесла на галоўную дарогу. А там аўтобус.
Каляіна ад Форда яшчэ бачная. Гэта доўгая ледзяная паласа. Ад самага супермаркета пад размяшаным калёсамі снегам кандовы нічым не пасыпаны галалёд. Выехаць з каляіны ўправа – можа вынесці ў мачту асвятлення. Улева псіхалагічна цяжка, бо адтуль едзе транспарт. Калі на крайняй правай паласе нехта ёсць – ідзеш у лабавую.
У часе нашай размовы амаль тое самае здарылася з Ніссанам. Ён слізгаў бы камень па ільду, потым вывернуў руль і ўтыкнуўся ў сумёт непадалёку. Напэўна, каб месца Х не было занятае, і каб трасай аўтобуса хто ехаў, была б тая самая карціна “Прыехалі”, якую маслам напісала Вольга, або ёю напісалі дарожнікі.
Кіроўца аўтобуса ўжо паздымаў свае нумары 15. Яго апарат, ацэначна, фактычна не пацярпеў. Мужчына доўга не думаў: “Вінаваты Форд”.
А вось Вольга С-чук мае намер падаць у суд на дарожныя службы.