Брэсцкі журналiст i перакладчык Яўген Бяласін 2 кастрычніка прэзентуе свой новы твор «НА ПЕРАЛОМЕ. Кніга 5 моў, 35 гадоў». Імпрэза адбудзецца ў гасцёўні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі на бульвары Шаўчэнкі, 3. Пачатак а 17-й гадзіне.
Новы твор Яўгена Бяласіна шмат ў чым пярэчыць шаблонам. Найперш, у тым, што гэта спроба паяднаць тэкст і выяву. Увасаблялі гэтую ідэю брэсцкі мастак Анатоль Тадорскі і сам аўтар, найбольш у відэомах – так аўтар назваў зусім кароткія вершы, спалучаныя з мастацкай, шрыфтавай графікай або фота.
У кнізе ёсць сямейная рубрыка – вершавыя перагукі аўтара з бацькам, які быў настаўнікам, карацелькі ад маці і два апавяданні ад дачкі.
Для вучняў і студэнтаў, а таксама настаўнікаў-філолагаў будзе найбольш карыснай апошняя траціна кнігі Бяласіна. Там пераклады класічнай нямецкай паэзіі на беларускую і рускую мовы поруч з арыгіналамі, а таксама некалькі перакладаў беларускай вершавай класікі на нямецкую. Каментары з тлумачэннямі і датамі пададзеныя да ўсёй кнігі, але ў перакладным раздзеле яны больш грунтоўныя і займальныя.
Ёсць яшчэ цікавосткі і неспадзяванкі, якія лёгка адкрыць для сябе кожнаму – адкрыўшы “НА ПЕРАЛОМЕ”. Кнігу можна набыць у найбольшых брэсцкіх кнігарнях.