Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста

 

 
02
мая 2013

Аляксандра Герасiменя ў Пружанах правяла майстар-клас для юных плыўцоў

 

Аляксандра Герасiменя  ў Пружанах правяла майстар-клас для юных плыўцоў (фота)

 

Раённыя буднi

Магчыма, юныя пружанскія плаўцы яшчэ не ў поўным масштабе разумеюць значнасць падзеі, якая адбылася ў іх жыцці ў мінулую сераду.  Менавіта ў гэты дзень, каб даць майстар-клас,  у Водны палац, прыехала чэмпіёнка свету, двухразовая сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў у Лондане, майстар спорту па плаванні Аляксандра Герасіменя.

На жаль, спартсмены такога ўзроўню рэдка наведваюць правінцыю, каб падзяліцца вопытам  і проста паразмаўляць з дзецьмі, якія займаюцца спортам. Адна справа сачыць за поспехамі куміра падчас тэлетрансляцый спаборніцтваў і зусім іншая – убачыць яго сваімі вачыма, задаць пытанне, атрымаць параду ці проста пастаяць побач.  Такія сустрэчы даюць юным спартсменам упэўненасць, што і яны могуць дасягнуць выдатных вынікаў, падбадзёрваюць, натхняюць.

 

Аляксандра Герасiменя  ў Пружанах правяла майстар-клас для юных плыўцоў (фота)

 

Трэба адзначыць, што Аляксандра завітала не ў рамках нейкай дзяржаўнай праграмы, а выключна па сваёй ініцыятыве і запрашэнні нашай юнай плаўчыхі Анастасіі Хмялеўскай.  Насця пазнаёмілася з чэмпіёнкай у сацыяльных сетках, вяла з ёй перапіску і проста запрасіла Аляксандру ў Пружаны.

Сустракалі Аляксандру на вышэйшым узроўні. Экскурсію па Водным палацы правялі намеснік старшыні райвыканкама М.П. Кудравец і дырэктар ДЮСШ №2 В.С. Зуй (на здымку).

Перш чым пачаць трэніроўку, Аляксандра з бачным задавальненнем адказала на пытанні, якія пасыпаліся з вуснаў яе юных аматараў адно за адным. Магчыма, на большасць гэтых пытанняў Аляксандра Герасіменя адказвае на кожнай прэс-канферэнцыі, але ўсе яе адказы былі шчырымі.

 

Аляксандра Герасiменя  ў Пружанах правяла майстар-клас для юных плыўцоў (фота)

 

— У якім узросце Вы прыйшлі ў басейн? – ціха задаў першае пытанне юны плавец.

— Я прыйшла ў басейн выпадкова, у 10-11 гадоў. Мне патэлефанаў сябар і сказаў: “Саша, ёсць добрая тэма, пойдзем у басейн!”. Я сабрала купальнік, шапачку, акуляры і сабралася ісці, але мяне спыніла мама. Толькі калі я ёй патлумачыла, што іду з сябрам і яго бацькамі, яна мяне адпусціла.

— Ці цяжка Вам на спаборніцтвах? – ужо смялей выкрыкнуў другі.

— Зразумела цяжка! Але запомніце, чым больш выкладваешся на трэніроўках, тым лягчэй на спаборніцтвах.

 

 

— А калі Вы сталі майстрам спорту?

— Майстрам спорту я стала вельмі хутка – ужо ў 14 гадоў. Але…  У секцыю я прыйшла “дарослай” і значна адставала ад тых, хто пачаў плаваць у 6-7 гадоў. Я не паказвала ніякіх вынікаў і мяне не бралі на спаборніцтвы. Быў момант, калі было так крыўдна, што я хацела кінуць плаванне. Але толькі дзякуючы свайму характару і рабоце над сабой я дасягнула таго, чаго дасягнула.

— Аляксандра, а як Вы сумяшчалі сур’ёзны спорт і вучобу, ці на ўсё хапала часу? – спытаў Мікалай Пятровіч Кудравец.

— Мабыць я, як і ўсе дзеці, не вельмі любіла заняткі ў школе, — засмялася Аляксандра. У мяне вельмі строгая мама, якая сачыла за тым, каб я не забывала вучыцца. А калі сур’ёзна, то ўсё можна сумяшчаць, на ўсё павінна хапаць часу.  Лепей лішнюю гадзіну не “ў кантакце” прасядзець, а над падручнікам. Хутка я атрымаю другую вышэйшую адукацыю.  Так што не трэба ленавацца!

 

Аляксандра Герасiменя  ў Пружанах правяла майстар-клас для юных плыўцоў (фота - Сяргей Кавальчук)

 

—А ці хвалюецеся Вы на спаборніцтвах?

— Зразумела, хвалююся. Столькі  моцных спартсменаў прэтэндуюць на адно адзінае месца! І ты разумееш, альбо ты добра выступіш, альбо  нікому не будзеш патрэбен…

— А што Вы адчулі, калі заваявалі серабро на Алімпійскіх гульнях?

— Першай думкай было: “Дзякуй Богу, што даплыла”.  Бо была вельмі моцная стомленасць, давялося вылажыцца на ўсе 100. Зусім не засталося сіл, каб радавацца. Але ж, зразумела, усё роўна хацелася быць першай.

— А якія стыль і дыстанцыя Вам больш падабаюцца?

— Я наогул люблю плаваць і люблю практычна ўсе стылі. Але я — спрынтар, таму цяжка даюцца доўгія дыстанцыі. Дэльфін, спіна, кроль – усё падабаецца. Вось толькі брас нешта не вельмі атрымліваецца.

— Якая ўзнагарода для Вас найбольш каштоўная?

— Кожная па-свойму, безумоўна, дарагая. Я памятаю ўсе свае ўзнагороды і з кожнай звязаны пэўныя ўспаміны. Толькі, мабыць, самай каштоўнай будзе мой першы медаль. Было гэта прыкладна ў шостым класе, мяне нарэшце ўзялі на спаборніцтвы.

Басейн, у якім яны праходзілі, быў ажно пяцімятровай глыбіні, я ніколі ў такіх не плавала, таму перапалохалася і разгубілася. Да таго ж саслізнула з тумбы, хоць мне і дазволілі ныраць проста з борціка. Я думала, што мяне здымуць са спаборніцтваў і  было крыўдна, бо я ж умела рабіць стартавы скачок. У той раз я стала другой, але для мяне тая ўзнагарода самая каштоўная.

 

Аляксандра Герасiменя  ў Пружанах правяла майстар-клас для юных плыўцоў (фота - Сяргей Кавальчук)

 

— А калі ў Вас бліжэйшыя спаборніцтвы?

— 1-4 мая прыязджайце ў Брэст, я буду выступаць на Чэмпіянаце Рэспублікі.

— Ці на ўсе сто Вы выкладваецеся на трэніроўках?

— Усе мы людзі, — усміхнулася Аляксандра, — У кожнага бываюць моманты, калі хочацца «сачкануць». Але заўсёды трэба мець на ўвазе, што калі сёння ты расслабішся, то твой сапернік гэтага не зробіць, а ты тым самым дасі яму фору.  Так што я рэдка дазваляю сабе слабінку, заўсёды стараюся вылажыцца. Дарэчы, трэніроўкі ў мяне два разы на дзень: 3-3,5 гадзіны на вадзе і яшчэ 1-1,5 ў спартыўнай зале і на трэнажорах.

— Аляксандра, якую ролю ў Вашым жыцці сыграла трэнер? – задаў пытанне трэнер пружанскіх плаўцоў.

— Алена Клімава для мяне нібы другая мама. Яна і трэнер, і дарадчык, і псіхолаг, і доктар, і сяброўка. З ёй я пачынала і займаюся па сёння. Яна выхоўвала мяне як асобу. Так што, і вы слухайцеся сваіх трэнераў.

Калі пытанні скончыліся, дзеці хуценька выстраіліся ў чаргу і кожнаму Аляксандра падпісала паштоўку. Потым усе змаглі  сфатаграфавацца разам з чэмпіёнкай. Для кожнага Аляксандра знайшла асабістае слова і ўсмешку.

А потым яна правяла майстар-клас: у спартыўнай зале і ў басейне. Аляксандра дзялілася сваімі сакрэтамі, паказвала практыкаванні і зноў жа асабістую параду атрымаў кожны юны спартсмен.

Больш пяці гадзін свайго асабістага часу Аляксандра Герасіменя правяла з пружанскімі спартсменамі. Верыцца, што гэтая сустрэча стане выдатным штуршком наперад для юных плаўцоў ды і іх трэнераў. Упэўнена, што ўсіх прысутных Аляксандра зара-дзіла сваім пазітывам, энергіяй, дабрынёй і ўпартасцю.