Зьміцер ПАТАПЧУК, галоўны рэдактар парталу pruzhany.net, для TOMIN.BY
Як вядома, кампанія Юрыя Чыжа «Трайпл» выдаткуе на будаўніцтва этнаграфічнага комплексу ў вёсцы Сабалі побач з Пружанскім раёнам $ 15 млн да 2015 года, што прадугледжана ўказам прэзідэнта № 369 ад 20 жніўня 2012 года. Інвестыцыйны праект па стварэнні турыстычнага культурна-этнаграфічнага комплексу «Наш родны кут Сабалi» на тэрыторыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці будзе рэалізаваны з 2012 па 2015 год. Анатоль Жалудко, аднавясковец Юрыя Чыжа з’яўляецца ініцыятарам стварэння этнаграфічнага турыстычнага комплексу “Наш родны кут Сабалі” ў Бярозаўскім раёне і ўладальнікам унікальнага музея этнаграфіі Палесся.
Некалькі аб’ектаў паказу знаходзяцца па-за вёскай Сабалі. Адзін з іх — гэта дуброва Гарадзішча па другі бок шашы М1, прыкладна пасярэдзіне адведзенага пад комплекс надзелу. У дальнім ад трасы канцы дубровы знаходзіцца пагорак, які даў ёй назву. Анатоль Жалудко разважаў у адным з інтэрвью, што гэтае месца мела асаблівую функцыю:
"Гэтая гара — магчыма, была гарадзішчам балотнага тыпу. Падчас набегаў мясцовае насельніцтва, якое абрабляла палі навокал, збягалася сюды. Хутчэй за ўсё, яно было нежылое, было толькі абарончым аб’ектам. У палях навокал археолагі і я знаходзілі артэфакты: і мезаліт, і неаліт, і жалезны век, фібулы, прасліцы, кераміку…".
Напэўна, калісьці там было таксама старажытнаславянскае капішча, і варта было б яго аднавіць, мяркуе спадар Жалудко.Дзякуючы таму, што адкрылася фінансаванне, у дуброве ў верасні прайшоў першы тур археалагічных раскопак. Капалі адмыслоўцы з Акадэміі навук. Адзін з іх, Вадзім Белявец, распавёў журналістам:
– Было папярэдняе шурфаванне. Знойдзеная кераміка, іншыя артэфакты сведчаць, што хутчэй за ўсё ў дуброве каля Сабалёў знаходзіцца поліфункцыянальнае гарадзішча-прытулак канца Х – ХІ стагоддзяў.
Адной з функцый яго, паводле аналогіі з іншымі падобнымі аб’ектамі, магла быць рэлігійная. Знойдзены наканечнік стралы належыць да Ранняга Сярэднявечча, бронзавы кінжал, хутчэй за ўсё, да позняга бронзавага – ранняга жалезнага вякоў. Відавочна, што гарадзішча пабудаванае на больш раннім помніку.
Дык як жа выглядала старажытнае славянскае гарадзішча X стагоддзя і пад якія мэты яго б можна было выкарыстоўваць сёння? Адказ на гэтае пытанне даюць фотаздымкі аналагічнага збудавання, якое было нядаўна адноўлена ў Нямеччыне.
Дзівосная драўляна-земляная архітэктура
У рэканструяваным славянскім гарадзішчы Х стагоддзя цяпер музей.
Вонкава гарадзішча выглядае, як і тысячу гадоў таму, калі славяне бараніліся ад націску немцаў. Але ўнутры гэта сучасныя памяшканні з рэстаранам, музеем і заламі для сустрэч.
У гарадзішча вялі вароты-тунэлі.