НОВОСТИ БРЕСТА, РЕГИОНА, БЕЛАРУСИ

                              Справочная информация

izdatelstvo 01

granica Брест: расписание движения транспорта Афиша ДК профсоюзов в Бресте

 

 
 

 

 

“Над галавою бездань просіні, душа ірвецца ў вышыню…” – радкі з верша Віктара Хмарука. Бездань просіні амаль на кожным фотаздымку Віктара на фотавыставе “Храмы Белай Русі”. А таксама - царквы, капліцы, касцёлы, саборы. Побач з кожным здымкам – кароткія гістарычныя звесткі пра храм.

Віктар Хмарук – аўтар чатырох зборнікаў вершаў і лірычных замалёвак, а яшчэ ён – двойчы пераможца фотаконкурсу “Краявіды малой радзімы” часопіса “Родная прырода”. З пытаннямі да фатографа звярнулася Ірына Фаміна.

 

- Віктар, традыцыйнае пытанне. Як даўно Вы займаецеся фатаграфіяй?

- Фатаграфаваць пачаў, калі зразумеў, што мае малюнкі не могуць перадаць прыгажосць і непаўторную маляўнічасць нашых краявідаў.

- Лічыцца, што ў фотаздымка павінен быць сюжэт, сэнс, глядач. Ці згодны Вы з гэтым выказваннем?

- У кожным фотаздымку павінна быць і жыць душа. Калі гэта ёсць, тады і сюжэт, і сэнс, і глядач знойдзецца.

- Ці можаце Вы расказаць гісторыю сваіх фотаздымкаў: дзе зроблены, чым уразілі, якія эмоцыі выклікалі?

- У кожнага фотаздымка свая гісторыя і свае эмоцыі. Яны ніколі не паўтараюцца.

- Якія здымкі атрымліваюцца ў Вас лепш: спантанныя ці падрыхтаваныя?

- Лепшыя - падрыхтаваныя. У тым сэнсе, што ў цябе ў руках не бракуе камеры, а за акном добрае надвор’е.

- Калі глядзіце ў аб’ектыў, бачыце адразу рэзультат? Ці бывае так, што для Вас самога атрыманы кадр з’яўляецца адкрыццём?

- Заўсёды стараюся бачыць вынік. Навучаны яшчэ з тых часоў, калі плёнка каштавала не танна, тым больш каляровая, якую мне прывозілі з Германіі.

- Зараз стала модна прыбіраць з фатаграфій колер? У Вас жа практычна няма чорна-белых здымкаў. Чаму?

- Я больш здымаю прыроду, там заўсёды колер пары года… Чорна-белыя больш, мне здаецца, імпануюць гарадскім пейзажам – тварэнню рук. Хаця, гэта толькі маё асабістае меркаванне.

- Вы любіце падарожнічаць, амаль заўсёды з фотаапаратам. Раскажыце, калі ласка, культура якой краіны прыцягнула больш за ўсё Вашу ўвагу, як творчага чалавека?

- У кожнага народа, а іх у кожнай краіне можа быць некалькі, свая культура, свае звычаі, свае выбітнасці. Усё новае мяне прыцягвае, але бліжэй па духу і менталітэту Украіна, Польшча і Літва. А больш за ўсё люблю здымаць сваю краіну.

- Ці ёсць месцы, што запомніліся больш за ўсё сваёй фотагенічнасцю?

- На Беларусі - мая Нясвіжчына, Прыпяць, палескія балоты. За межамі – Карпаты, Татры, Партугалія і Іспанія.

- А ці ёсць месцы, якія ўразілі настолькі, што зусім не хацелася дзівіцца на іх праз аб’ектыў фотаапарата, а хацелася зберагчы іх у памяці больш, чым у кадры?

- Хутчэй гэта не месцы, а людзі і эмоцыі. З цягам часу менавіта фотаздымкі і дапамагаюць іх аднавіць і перажыць нанова.

- Якую пару года больш за ўсё любіце здымаць? Чаму?

- За зеляніну, квітнеючыя сады і пяшчоту люблю вясну. За аблокі і світанкі - лета. За колеры і бяздоннае неба - восень. За шэрань і белую бяскрайнасць - зіму.

- Фатаграфія і паэзія для Вас гэта часткі аднаго цэлага? Ці яны ніяк не звязаны?

- Мае вершы гэта і ёсць фотаздымкі, якія я збіраю і калекцыйную ў сваёй душы.

- Некалькі слоў пра выставу “Храмы Белай Русі”. Чым Вас вабіць сакральная фатаграфія? Што па-першае: рэлігія, архітэктура ці вобраз у цэлым?

- Храм – гэта неба на зямлі… У кожнага храма – асабістая энергетыка. Адны храмы ачышчаюць, другія напаўняюць, але галоўнае - гэтыя месцы, як кажуць, “намоленыя”, у іх душа імкнецца ў неба. Псіхолагі, да рэчы, раяць глядзець на неба. Яно пазбаўляе нас ад непатрэбных турбот і акрыляе.

- Якія храмы Вас больш прывабліваюць, сучасныя ці старадаўнія, капліцы ці саборы?

- Храм не можа вабіць. Ён у душы. І калі душа трапеча, напаўняецца любоўю і радасцю – гэта і ёсць твой храм.

- Вашы здымкі зроблены выпадкова ці Вы спецыяльна наведваеце розныя мясціны дзеля кадра?

- Выпадковасці ў жыцці не бывае. Усё па волі Божай.

- У Вашай кнізе вершаў і лірычных замалёвак “Соцветия” ёсць укладышы з фотаздымкамі. А ці няма жадання выдаць фотаальбом разам з Вашымі вершамі?

- На сённяшні дзень не стае часу. А можа, проста няма натхнення на гэту справу.