Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста

 

 
18
фев 2013

Брэсцкі мастак Анатоль Жалудко стварыў карціны-рубрыкі (слайдфільм)

 

Сымон БАЙ для TOMIN.BY

Брэсцкі мастак стварыў карціны-рубрыкі. Яны будуць загалоўнымі для аддзелаў музея ў  этнаграфічна-турыстычным комплексе “Наш родны кут Сабалі”.

Аўтар ідэі Цэнтра, мастак Анатоль Жалудко, цяпер працуе над канцэпцыяй паказу. Часткай яго будзе этнаграфічны музей, які мастак зладзіў у роднай вёсцы Сабалі Бярозаўскага раёна. Тысячы экспанатаў пакуль месцяцца ў адмыслова купленай вясковай хаце і ў Брэсце, дзе мастак стала жыве.

 

 

Спадар Жалудко мяркуе кожны раздзел азначыць адной або некалькімі ключавымі карцінамі. Так, дагістарычны час на Палессі акрэсліваюць карціны “Мора Герадота” і “Еўрапейская Амазонія”. Дахрысціянскі перыяд прадстаўляе  карціна-рэканструкцыя  “Капішча “Гарадзішча”. Сярэднявечча адлюстраванае на двух выявах Камянецкай вежы, карцінах-рэканструкцыях разбуранай шведамі крэпасці Жабер на рацэ Ясельда і разбуранага пры пабудове расійскай крэпасці старога Берасця.  Аддзел “Паўстанні на Палессі” рэпрэзентуюць карціны “Мільён на волю” пра перадачу мясцовым магнатам Прозарам  азначанай сумы злотых  для войска Касцюшкі  і “Апошні бой” пра смерць ваяроў Траўгута непадалёку ад Сабалёў. Савецкі перыяд увасабляе карціна “Маўчанне дзічкі пра…” з выявай палескага хутара, які стаў ахвярай калектывізацыі.  

 

 

Другая Сусветная вайна сфакусаваная на карціне “На расстрэл”. На ёй лёс блізкіх родзічаў мастака, якія былі расстраляныя як закладнікі дзеля помсты за забітага нямецкага салдата.

Пад некаторыя перыяды карціны яшчэ будуць напісаныя.

Нагадаем, на пабудову этнаграфічнага турыстычнага комплекса “Наш родны кут Сабалі” фірма “Трайпл” , уладальнік якой Юрый Чыж таксама нарадзіўся ў гэтай палескай вёсцы, вылучыла 15 мільёнаў долараў.  Каля трасы М1 пад Цэнтр вылучаныя  больш за 300 га зямлі. Да канца 2015 года тут маюць быць пабудаваныя атэль, музей, ферма буйной рагатай жывёлы, лыжаролерная траса і іншыя аб’екты.

Слайдфільм сабраны з наяўных на сёння карцін.

 

На фота: Анатоль Жалудко.