top.mail.ru

СОЛНЦЕ СВЕТИТ ДЛЯ ВСЕХ

                                    Древняя мудрость


Брест: расписание движения транспорта Афиша ДК профсоюзов в Бресте Афиша Бреста на TOMIN.BY

 

 
 
17
март 2013

 

Масленіца – старажытнае свята славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды. Для святкавання Масленіцы вызначаны восьмы тыдзень перад Вялікаднем (Пасхай).

Свята паўсюдна чакалі з вялікай нецярплівасцю. Гаспадарчы і земляробчы сезон яшчэ не пачаўся і таму ўсе з задавальненнем гулялі на Масленіцу. Гэты тыдзень быў напоўнены святочнымі абрадавымі дзеяннямі, частаваннем, гульнямі і забавамі.

Святкаванне Масленіцы мела некалькі сэнсаў. Па першае — усе чакалі цёплай пары і сваімі дзеяннямі нібыта “выганялі” зіму. Другой, але не менш важнай мэтай, было ўсталяванне і ўмацаванне міжродавых і міжсуседскіх сувязей, што можна прасачыць на працягу ўсяго тыдня. І наогул, усе дзеянні былі накіраваны на забеспячэнне багатага ўраджаю і дабрабыту ў гаспадарцы.

Сама назва свята сведчыць аб перавазе малочных страў у гэты перыяд. Галоўная ежа на Масленіцу – масла, сыр, і канешне, бліны: жытнія, пшанічныя, грэчневыя, з маслам, з смятанай, з мёдам. Многія даследчыкі традыцыйнай культуры галосна гавораць, што бліны – гэта сімвал сонца.  І што ужыванне такой сімвалічнай стравы паспрыяе набліжэнню вясны. Цяжка з гэтым не згадзіцца. Пачыналі рыхтавацца да Вялікага паста – на Масленічным тыдні неабходна ўжо ўжываць стравы без мяса.

 

«Здравствуй, Масленица!»: как в Бресте провожали зиму - фото

 

Дзеці і моладзь наладжвалі гульні, каталіся з ледзяных горак, ездзілі на конях. Людзі сярэдняга ўзросту віншавалі тых, хто ажаніўся ў гэтым годзе, дзеці ўшаноўвалі і частавалі бабак-павітух – тых, хто калісьці дапамог ім з’явіцца на свет. Вялікае значэнне ў Масленічных абрадах, закліканых спрыяць пладавітасці, надавалася хуткаму руху. Паводле мясцовых вераванняў, трэба падскокваць як мага вышэй, гушкацца на арэлях, каб высокімі раслі лён і каноплі.

Панядзелак быў сімвалічным пачаткам тыдневага святкавання: у гэты дзень наладжвалі катанні з гор, майстравалі прылады працы для катання: санкі, коўзанкі і г.д., пяклі бліны.

Першы выпечаны ў панядзелак блін быў асобы. Як знак павагі яго неслі ў чырвоны кут – продкам. Па звестках носьбітаў традыцыі, у многіх вёсках на акно клалі блін, каб запрасіць у хату сонейка.

Добрыя гаспадыні ў гэты дзень прытрымліваліся строгага правіла: не пускаць у хату чужых жанчын і старых мужчын, каб “не шчэліліся і не горбіліся сыры”.

У гэты дзень майстравалі пудзіла Масленіцы.

У некаторых рэгіёнах менавіта ў першы дзень святкавання Масленіцы шматдзетныя жанчыны павінны былі абысьці ўсю вёску, а потым вазілі на санках “маладух” – тых жанчын, якія выйшлі замуж у гэтым годзе. А мужы маладух частавалі ўсіх блінамі і іншымі прысмакамі.

Аўторак на Масленічным тыдні працягваў усеагульныя гулянні: з гэтага дня пачыналі хадзіць адзін да аднаго ў госці, дарослыя разам з дзецьмі каталіся з гор.

Катанне з гор на Масленіцу лічылася абавязковым. Высокія крутыя ледзяныя горы, якія часцей за ўсё людзі ладзілі самі, сімвалізавалі зямное чэрава, у якім нараджаецца або прабуджаецца жыццё пасля зімовага спачыну.

Нашы продкі верылі, што катанне з гор будзе спрыяць росту льна і каноплі: чым далей праедзе на санках ці ледзянцы маладая гаспадыня, тым даўжэйшы будзе ў яе лён.

Серада на Масленічным тыдні – “сярэдні” дзень святкавання.

У некаторых рэгіёнах гэты “жаночы” дзень быў прымеркаваны для наведвання цешчаў – ішлі “да цешчы на бліны”. Там, дзе святкаванне Масленіцы пачыналася ў чацвер, цешчаў наведвалі ў пятніцу.

На працягу ўсяго Масленічнага тыдня ў дачыненні да нежанатых хлопцаў паўсюды выконвалі рытуальнае дзеянне: як усеагульнае пакаранне ім навешвалі “калодкі” (драўляныя калоды, паясы, стужкі і г.д.). Той, хто хацеў збавіцца ад пакарання, павінен быў “заплаціць” вялікі адкуп” – блінцамі, цукеркамі, сырам, гарэлкай і г.д.

Чацвер на Масленічным тыдні называецца Крывы, Тлусты.

У гэты, як і ў кожны дзень тыдня, пяклі блінцы. Але ў чацвер пачыналі з таго, што пяклі аладкі для сваёй каровы, каб яна была такой жа “гладкай і тлустай”. Кармілі блінамі і астатнюю дамашнюю жывёлу.

Гэты дзень быў вельмі адказным для тых гаспадароў, хто трымаў у сваёй гаспадарцы коней. Менавіта ў гэты дзень трэба было “аб’язджаць” жарабцоў – маладых коней, якія дасягнулі трохгадовага ўзросту.

Лічылася, што гэты святочны дзень на Масленічным тыдні будзе спрыяць таму, каб конь стаў паслухмяным памочнікам гаспадару.

У гэты дзень аднавяскоўцы ўшаноўвалі пастухоў і вызначалі “вартаўніка статка” на наступны год.

У Кобрынскім і некаторых іншых раёнах у чацвер дзеці наведвалі бабку-пупарэзніцу, якая дапамагала ім з’явіцца на свет.

 Лічылася, што ў тых, хто не будзе ўдзельнічаць у святочных гуляннях на Масленіцу, не будзе пладзіцца і весціся хатняя жывёла.

У паўночных рэгіёнах у чацвер працягваліся святочныя гулянні, а ў паўднёвых раёнах толькі пачыналася святкаванне Масленіцы.

Пятніца працягвала святкаванне: аднавяскоўцы наведвалі сваіх родзічаў, дзеці бавіліся на ледзяных горах.

Пятніца – дзень, калі наважоны прыязджалі ў госці да бацькоў нявесты. У кожным рэгіёне і ў кожнай вёсцы былі свае правілы правядзення свята. Але наведванне зяцем цешчы было абавязковым. Калі зяць не прыязджаў у госці, гэта лічылі вялікай крыўдай, непавагай з яго боку да родных жонкі, што магло справакаваць вялікія непаразуменні паміж сем’ямі двух родаў. У некаторых мясцовасцях на такія сустрэчы збіралася ўся радня як з аднаго боку, так і з другога.

Субота. У суботу і няделю моладзь каталася на канях, упрыгожаных стужкамі, званочкамі і шамкамі. Усюды гучалі песні, якія ўсхвалялі Масленіцу.

На Масленіцу ездзілі на конях за вёску. Лічылася, чым далей ад’едзе моладзь ад сваёй вёскі, тым даўжэй вырасце лён у наступным годзе, тым лепшымі будуць каноплі. Моладзь упрыгожвала стужкамі, кветкамі, званочкамі сані, збрую каня, а часцей – параконку, і з песнямі, заклічкамі ехалі катацца па наваколлі: палях, лясах, узгорках.

Нядзеля на Масленічным тыдні – апошні дзень перад Вялікім, сямітыднёвым постам, атрымала назву “Прашчонай нядзелі”. 

У гэты дзень выконваліся рытуальныя дзеянні, скіраваныя на провады зімы, Масленіцы. Пудзіла апошні раз вадзілі па вёсцы і спальвалі на вялікім вогнішчы. Абрад спальвання быў своеасаблівым момантам ачышчэння агнём, у некаторых раёнах Беларусі нават скакалі праз вогнішча.

Спальванне суправаджалася песнямі, танцамі, у некаторых месцах вадзілі карагоды. Карагодамі пратоптывалі снег да той пары, пакуль пад нагамі не праглядывалася чорная зямля. Гэтымі рухамі, топатам, абуджалі зямлю. Гучалі разнастайныя праклёны ў адрас зімы.“Ідзі зіма до Кучова, бо ты нам надакучыла!”, “Ідзі, зіма, да Кракава! Зноў ты прыйдзеш аднакава!” “Ідзі, зіма да Кіева! Ты нам лета пакінула!” “Ідзі, зіма, да крынічкі! Ды забірай рукавічкі!”

У некаторых рэгіёнах усходняга Палесся апошні дзень Масленіцы стаў днём, калі гукалі-зазывалі вясну. На Брэстчыне ў гэты дзень моладзь ладзіла танцы аж да поўначы. 

Па хрысціянскай традыцыі, увечары трэба было папрасіць прабачэння адно ў аднаго: спачатку прабачэння прасілі малодшыя, а потым і старэйшыя. Апошнім прасіў прабачэння ва ўсіх дамачадцаў гаспадар сям’і. У некаторых рэгіёнах перад захадам сонца ішлі на могілкі, каб папрасіць прабачэння ў памёршых.

Самым урачыстым днём Масленічнага тыдня на Брэстчыне быў чацвер. Менавіта ў гэты дзень пачыналіся гасцяванні, гулянні, танцы, катанні, святочныя вячоркі моладзі. Сталыя гаспадары, радня, кумы, сваты ездзілі адны да адных у госці на ўпрыгожаных вазках з новай збруяй.

У Масленічных песнях ужо пачынаюць гучаць веснавыя матывы – “Масленіца – ластавіца”, часта можна пачуць  шкадаванне, што “А чаму ж Масленкі не сем нядзель,  А нашай Масленкі сем дзянькоў.”

Існуе некалькі прыкмет, якія датычацца Масленічнага перыяду.

У прашчоную нядзелю трэба рана легчы спаць, каб заснуць яшчэ да поўначы, тады раніцай будзеш лёгка прачынацца.

Якое надвор’е ў Прашчоны дзень, такое і ў Хрыстоў (Вялікдзень).

Наталля Краўчук, метадыст па этнаграфіі і фальклору

ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, для TOMIN.BY.

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить