Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

Выстава «Зачараваныя кветкамі»: порцыя натхнення і вясновага настрою пасля доўгай зімы

 

 

Выстава «Зачараваныя кветкамі»: порцыя натхнення і вясновага настрою пасля доўгай зімы

 

 

Аддзел літаратуры па мастацтве Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага запрашае на выставу «Зачараваныя кветкамі», на якой будуць прадстаўлены кветкавыя нацюрморты брэсцкай мастачкі Вольгі Данілюк (Ольга Данилюк), рэпрадукцыі фларыяграфіі вялікіх мастакоў, выданні па мастацтве малявання кветак.

Вольга Данілюк нарадзілася ў Жабінцы, вучылася ў Вольгі Арловай у Доме дзіцячай і юнацкай творчасці, скончылаБрДУ імя А.С. Пушкіна. З 2005 г. удзельнічае ў выставах, творчых праектах, пленэрах. Яе працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі і іншых краін свету. Піша пейзажы і нацюрморты маслам і акварэллю. Пад яе пэндзлем ажываюць старыя вулачкі Брэста і, здаецца, адчуваецца водар намаляваных кветак!

На выставе будуць дэманстравацца кветкавыя кампазіцыі Вольгі, напісаныя маслам. У адным з інтэрв'ю мастачка прызналася, што самыя любімыя яе «мадэлі» — кветкі. Паказаць хуткаплыннасць і зменлівасць навакольнага свету, перадаць свае мімалётныя ўражанні, захаваць прыгажосць звыклых нам вобразаў — гэта тое, чым Вольга імкнецца падзяліцца з гледачом.

Таксама на выставе будуць экспанавацца рэпрадукцыі карцін з кветкамі вядомых мастакоў: Урубель, Левін, Левітан, Ван Гог… нават у Малевіча ёсць кветкавы нацюрморт!

Маладых мастакоў і тых, хто імкнецца ўдасканаліць сваё майстэрства, адкрыць новыя творчыя гарызонты, здзівіць выбар метадычнай літаратуры па маляванні: асновам кампазіцыі аранжыроўкі кветак, тэхнікам таніроўкі, карысным прыёмам для стварэння незвычайнай фактуры і эфектаў і інш.

Адкрыццё выставы «Зачараваныя кветкамі» адбудзецца 1 сакавіка ў 14.00 па адрасе: г. Брэст, бул. Касманаўтаў, 48.

Запрашаем атрымаць порцыю натхнення і вясновага настрою пасля доўгай зімы!